Сёньня, 26 лютага, Яўгену Васьковічу, асуджанаму на 7 гадоў за спробу падпалу Бабруйскага КДБ, спаўняецца 22 гады. Дзень народзінаў ён адзначае ў Магілёўскай турме № 4, так званай «крытцы», у якую летась яго за непадпарадкаваньне перавялі з Магілёўскай калёніі №15.
З нагоды дня народзінаў зьняволенага нам піша Анатоль Санаценка, галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня «Бабруйскі кур’ер», у якім працаваў Яўген Васьковіч да таго, як улады закрылі папяровае выданьне газэты:
«Тры гады таму я ўзяў яго на працу ў «Бабруйскі кур’ер» як таленавітага маладога чалавека, які піша і гаворыць выключна па-беларуску, што зьяўляецца рэдкасьцю для Ўсходняй Беларусі. І два гады мы зь ім працавалі разам, пакуль улады, пад кіраўніцтвам «беларускага гестапа», не задушылі газэту.
16 кастрычніка 2010 году Яўген Васьковіч з двума сябрамі зьдзейсніў сымбалічны акт нападу на бабруйскі аддзел КДБ.У бок фасада паляцелі дзьве бутэлькі з запальнай сумесьсю, чорнай сажай пакрылася частка сьцяны ля ўваходу. Шкода (пабел сцяны) склала 253 тысячы рублёў, а тэрмін «бабруйскім анархістам» — быў прызначаны ў 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Гэты прысуд шакаваў многіх. Я ж, рускамоўны літаратар, пад уплывам гэтых падзей (у тым ліку) стаў пісаць вершы па-беларуску. І адзін зь іх прысвяціў Яўгену Васьковічу. Я ведаю, ён будзе яму блізкім — і па мове, і па тэме, і па духу...
Анатоль Санаценка, галоўны рэдактар "Бобруйского курьера", літаратар».
***
Прысьвячаецца Яўгену Васьковічу
Жыве Беларусь — гэта кліч нашых продкаў.
Жыве Беларусь — вякоў нашых стогн.
Жыве Беларусь — гэта мовіць салодка.
Жыве Беларусь — тырану праклён...
-
Крывёю сваёй — да кроплі апошняй, —
Каб сэрцу Айчыны білося вальней, —
О, Бог, усемагутны, о, божа, о, божа, —
Крывёю сваёй — што сталі мацней —
-
Гатовы аддана заўжды разьлічыцца,
Як той, хто пазнаў любоў на зямлі:
Бяз сэрца Радзімы маему ня біцца,
Бяз роднай старонкі — жыцьцё ў імгле...
-
Газдава, Касьцеша і герб наш Пагоня,
Зьбірайцесь ўсе разам пад сьцягам адным!
Глядзіце і слухайце: зямля наша стогне,
У горы жыве, пад князем чужым.
-
Касьцюшка, Кастусь, пад вашы харугвы
Я стану, як той старадаўні жаўнер.
Меч праўды — у рукі, меч волі — у рукі!
Што будзе, то будзе: тут і цяпер!
-
Глядзі сваім вокам: ад мора да мора,
Ідуць, быццам хвалі, нашы палкі —
Праз ўсё, што было, праз пакуты і гора —
За Воляй, за Праўдай! Праз годы-вякі!
-
У мысьлях малюся, крыж накладаю
На душу Радзімы, на душу сваю:
Каб гора ня ведаць міламу краю,
Каб міма бяду пранесла бы ўсю.
-
Каб каты, тыраны ніколі, ніколі
Ня здолелі трапіць на землі твае...
Пад зоркаю праўды, пад зоркаю волі,
Жыве Беларусь! Назаўсёды — жыве!
-
25 лютага 2012 г.
Анатоль Санаценка





