У ноч з 26 на 27 лютага тэлеканал «Беларусь 1» у прамым эфіры будзе трансляваць 84-ю цырымонію ўручэння штогадовай прэміі Амерыканскай кінаакадэміі «Оскар», паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі.

Пачнецца трансляцыя ў 3.30 па беларускім часе. Самая чаканая кінападзея года традыцыйна пройдзе ў славутым тэатры Kodak у Лас-Анджэлесе.

Заяўкі прэтэндэнтаў на кінаўзнагароду прымаліся з 1 па 27 снежня 2011 года. Галасаванне членаў кінаакадэміі па спісе намінантаў на «Оскар» завяршылася 13 студзеня, а 24 студзеня былі аб’яўлены прэтэндэнты на прэмію. Лідарам па колькасці намінацый стаў фільм «Захавальнік часу 3D», які прэтэндуе на 11 узнагарод. За 10 статуэтак будзе змагацца чорна-белая нямая карціна «Артыст». Фінальны этап галасавання праходзіў з 1 па 21 лютага.

У намінацыі «Лепшы фільм» вылучана дзевяць прэтэндэнтаў на «Оскар». Крытыкі асабліва адзначаюць карціны «Захавальнік часу» Марціна Скарсэзэ і «Баявы конь» Стывена Спілберга. Таксама ў намінацыю трапілі «Поўнач у Парыжы» Вудзі Алена, «Артыст» Мішэля Хазанавічуса, «Жудасна гучна і бязмежна блізка» Стывена Долдры, «Чалавек, які змяніў усё» Бенета Мілера, «Нашчадкі» Аляксандра Пэйна, «Дрэва жыцця» Тэрэнса Маліка і «Прыслуга» Тэйта Тэйлара.

У намінацыі «Лепшая мужчынская роля» сапернічаюць Джордж Клуні («Нашчадкі»), Брэд Піт («Чалавек, які змяніў усё»), Жан Дзюжардэн («Артыст»), Гэры Олдмен («Шпіён, выйдзі вон!») і Дэміян Бішыр («Лепшае жыццё»). У выбары лепшай мужчынскай ролі крытыкі аддаюць перавагу Жану Дзюжардэну і яго «Артысту».

У намінацыі «Лепшая жаночая роля» вылучаны Мэрыл Стрып, якая сыграла ролю Маргарэт Тэтчэр у фільме «Жалезная лэдзі», Ваёла Дэвіс за фільм «Прыслуга», Глен Клоўз за ролю ў фільме «Таямнічы Альберт Нобс», Мішэль Уільямс, якая сыграла галоўную ролю ў карціне «Сем дзён і начэй з Мэрылін Манро», а таксама Руні Мара за ролю ў фільме «Дзяўчына з татуіроўкай дракона».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?