У Генеральнай пракуратуры Беларусі БелаПАН не пракаментавалі інфармацыю аб звароце кіргізскіх уладаў з просьбай аб выдачы былога прэзідэнта Курманбека Бакіева і яго брата. Такім чынам, афіцыйных звестак пра тое, ці існаваў запыт у беларускую Генпракуратуру і ці сапраўды на гэты раз ён тычыўся двух чалавек, няма.
Пра тое, што Кыргызстан просіць Беларусь выдаць кіргізскаму правасуддзю Бакіева і яго брата, які кіраваў расстрэлам дэманстрантаў у красавіку 2010 года, сказаў 25 лютага прэзідэнт гэтай краіны Алмазбек Атамбаеў у эфіры радыёстанцыі «Рэха Масквы». «Мы просім выдаць не толькі былога прэзідэнта, там ёсць яшчэ страшны чалавек — брат прэзідэнта, які кіраваў расстрэлам дэманстрантаў, прычым была дадзена каманда страляць толькі ў галаву і ў грудзі», — сказаў Атамбаеў.
У красавіку 2010 года ў Кыргызстане адбыўся дзяржаўны пераварот. Падчас штурму будынка ўрада ў Бішкеку і беспарадкаў, што мелі месца потым, у горадзе загінулі прыкладна 90 чалавек і 1,5 тысячы атрымалі раненні. На той час прэзідэнт Бакіеў, яго брат Жаныш (Джаныбек), які ўзначальваў Службу дзяржаховы краіны, старэйшы сын Марат уцяклі з краіны. На радзіме яны былі завочна абвінавачаныя ў масавым забойстве, звязаным з перавышэннем службовых паўнамоцтваў, і аб’яўленыя ў міжнародны вышук.
У маі кіраўнік часовага ўрада Кыргызстана Роза Атунбаева падпісала дэкрэт аб пазбаўленні Бакіева прэзідэнцкай недатыкальнасці на падставе крымінальнай справы, па якой ён абвінавачваецца ў арганізацыі забойстваў і злоўжыванні службовым становішчам. Генпракуратура Кыргызстана двойчы звярталася ў Генпракуратуру Беларусі з запытам аб выдачы Бакіева і двойчы атрымала адмову.У Беларусь Бакіеў прыбыў 19 красавіка 2010 года па запрашэнні Аляксандра Лукашэнкі.
8 лютага 2012 года ў інтэрнэце з’явілася інфармацыя пра тое, што Бакіеў яшчэ ў жніўні 2010 года атрымаў беларускі пашпарт і купіў дом у Мінску. Раней паведамлялася, што ён жыве ва ўрадавай рэзідэнцыі ў Бярэзінскім запаведніку. У МУС Беларусі інфармацыю аб атрыманні Бакіевым беларускага грамадзянства не пацвердзілі і не абверглі. Як заявіў БелаПАН начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун, звесткі аб грамадзянскай прыналежнасці чалавека з’яўляюцца звесткамі асабістага характару і не падлягаюць абвяшчэнню без яго згоды.
У інтэрв’ю «Рэха Масквы» Алмазбек Атамбаеў не стаў падрабязна каментаваць інфармацыю пра тое, што Бакіеў атрымаў беларускае грамадзянства, зазначыўшы толькі, што «гэта права прэзідэнта Беларусі, каму выдаваць пашпарт».