У сакавіку Рада міністраў замежных спраў Еўрасаюза разгледзіць поўны спіс беларускіх прадпрыемстваў і бізнесменаў, да якіх могуць быць прымененыя санкцыі ЕС. Пра гэта паведаміла вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан 27 лютага на прэс-канферэнцыі ў Бруселі.

Яна нагадала, што раней Рада ЕС прыняла пастанову, якая пашырае магчымасці прымянення санкцый у дачыненні да беларускіх фізічных і юрыдычных асоб, якія маюць дачыненне да парушэнняў асноўных правоў і свабод. «Як вы ведаеце, мы прынялі крытэрыі для санкцый, каб зачапіць тых, хто вінаваты ў парушэннях правоў чалавека, а таксама тых, хто падтрымлівае ці з’яўляецца бенефіцыярам рэжыму Лукашэнкі», — сказала Эштан.

Яна таксама падкрэсліла, што

пазіцыя ЕС застаецца нязменнай — беларускія ўлады павінны вызваліць і рэабілітаваць усіх палітзняволеных, а таксама паважаць правы чалавека.

Нагадаем, на пасяджэнні Рады міністраў замежных спраў ЕС у Бруселі 27 лютага было прынята рашэнні аб унясенні яшчэ 21 беларускага чыноўніка ў спіс асоб, у дачыненні да якіх дзейнічаюць візавыя і фінансавыя санкцыі.

Прозвішчы чыноўнікаў пакуль не называюць. Вядома, што гэта прадстаўнікі судовай сістэмы і праваахоўных органаў. Чакаецца, што найбліжэйшымі днямі спіс будзе апублікаваны ў Афіцыйным часопісе ЕС.

Бізнесмен Юрый Чыж у гэты спіс не ўключаны.

Паводле інфармацыі бельгійскага выдання EUobserver, менавіта з-за гэтага беларускага бізнесмена ўзніклі рознагалоссі паміж краінамі ЕС. У прыватнасці, выданне са спасылкай на свае крыніцы паведамляла, што Славенія лабіравала неўключэнне Чыжа ў спіс у сувязі з тым, што славенская кампанія Riko Group выйграла тэндар на будаўніцтва ў Мінску пяцізоркавага гасцінічнага комплексу «Кемпінскі» ў супрацоўніцтве з групай кампаній «Трайпл», што належаць Чыжу. Кошт узвядзення комплексу перавышае 100 млн. еўра.

Нагадаем, санкцыі прадугледжваюць забарону на ўезд на тэрыторыю краін ЕС і замарожванне актываў, калі такія ёсць.

На пасяджэнні 10 лютага Рада Еўрасаюза прыняў пастанову, якая пашырае магчымасці прымянення санкцый у дачыненні да беларускіх фізічных і юрыдычных асоб, якія маюць дачыненне да парушэнняў асноўных правоў і свабод.

«Прынятыя папраўкі пашыраюць крытэрыі для прымянення абмежавальных мер і замарожвання актываў, — гаварылася ў паведамленні прэс-службы савета. — Паводле дакумента, такія санкцыі могуць быць прымененыя да асобы, адказнай за сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека ці рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі, а таксама асобам і прадпрыемствам, якія атрымліваюць выгаду ці падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі».

Палітычнае рашэнне аб візавых і эканамічных санкцыях у дачыненні да Беларусі было прынята Саветам ЕС 31 студзеня 2011 года ў Бруселі, калі міністры замежных спраў краін Еўрасаюза зацвердзілі спіс беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэнні правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі. Гэтым асобам забаронена наведваць тэрыторыю ЕС, а іх рахункі і маёмасць у краінах ЕС павінны быць замарожаны.

Першапачаткова ў спісе было 158 імёнаў. Пасля Рада ЕС неаднаразова пашырала гэты пералік, і цяпер уезд у ЕС забаронены больш чым 200 беларускім чыноўнікам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?