Зроблены крок да больш інтэнсыўнай інтэграцыі рынку электронных камунікацыяў у ЭЗ.

27 лютага Эўрапейскі Камісар па пытаньнях інфармацыйнага грамадзтва і СМІ Вів’ен Рэдзінг і старшыня Групы эўрапейскіх рэгулятарных інстытутаў (ERG) Рабэрта Віола распаўсюдзілі сумесную заяву, прысьвечаную плянам рэфармаваньня эўрапейскіх рэгулятарных рамак у сфэры электронных камунікацыяў.

Мэтай рэформы зьяўляецца стварэньне адзінага эўрапейскага рынку электронных камунікацыяў і стымуляваньне разьвіцьця агульнаэўрапейскіх і трансгранічных паслугаў у гэтай сфэры. Адным зь першых крокаў павінна стаць каардынацыя нацыянальных рэгулятарных падыходаў, лічыць Эўрапейская Камісія.

“Кансультацыі з грамадзкасьцю, праведзеныя Камісіяй у мінулым годзе, далі крыху трывожныя сыгналы адносна ўмоваў разьвіцьця рэальнага ўнутранага рынку электронных камунікацыяў”, - пракамэнтавала падзею Камісар Рэдзінг. “У сувязі з гэтым я вітаю гатоўнасьць Групы эўрапейскіх рэгулятарных інстытутаў да шчыльнага супрацоўніцтва з Камісіяй. Падобнае супрацоўніцтва будзе накіраванае на пераадоленьне скажэньняў канкурэнцыі на рынку і вырашэньне шэрагу іншых пытаньняў, зьвязаных з агульнаэўрапейскімі інтарэсамі”, - падкрэсьліла Камісар.

Першым крокам на шляху рэфармаваньня павінна стаць пераўтварэньне Групы эўрапейскіх рэгулятарных інстытутаў у эфэктыўную інтэграваную сыстэму незалежных рэгулятараў. На думку Вів’ен Рэдзінг і Рабэрта Віолы, Група павінна стаць “фэдэральнай сыстэмай” нацыянальных рэгулятарных інстытутаў. Магчымай мадэльлю структуры можа паслужыць Эўрапейская сыстэма цэнтральных банкаў.

Эўрапейская сыстэма незалежных рэгулятараў створыць умовы для гарманізацыі рэгулятарных рамак дзяржаваў-членаў ЭЗ і для больш інтэнсыўнай інтэграцыі нацыянальных рынкаў электронных камунікацыяў. Сярод асноўных прынцыпаў працы структуры называюцца максымальная небюракратычнасьць, апэратыўнасьць, эфэктыўнасьць і пасьлядоўнасьць. Група будзе рэгулярна кансультаваць Эўрапейскую Камісію па тэхнічных пытаньнях рэгуляваньня.

Камісар Рэдзінг павітала прагрэс, што ажыцьцявіла Група для паляпшэньня каардынацыі дзейнасьці нацыянальных рэгулятарных інстытутаў, а таксама заснаваньне пастаяннага сакратарыяту структуры в Брусэлі.

У ліпені Камісія прадставіць Эўрапейскаму Парлямэнту і Радзе ЭЗ заканадаўчыя прапановы, накіраваныя на павышэньне ўзроўню канкурэнцыі ў сфэры электронных камунікацыяў і стварэньне рэальнага эўрапейскага ўнутранага рынку ў гэтым сэктары.

Больш падрабязна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0