Экс-кіраўнік БТ, які зараз працуе медыякансультантам у Санкт-Пецярбургу, прыгадвае, як пісаў Лукашэнку, што Аляхно на «Еўрабачанні» нічога не свеціць, і «падпісаў» Ялфімава пасля просьбы з Адміністрацыі прэзідэнта.

«На «Еўрабачанне» пры мне адправілі трох канкурсантаў: Дзіму Калдуна, Руслана Аляхно і Пятра Ялфімава. Паліну Смолаву паспелі выбраць яшчэ да мяне. Усе трое згаданых выканаўцаў былі абраныя ў адпаведнасці са стандартамі «Еўрабачання». То бок, гэта лепшае, што ў нас было на той момант.

Калдун узяў 6-е месца, і гэта цалкам заслуга яго, Белтэлерадыёкампаніі і каманды, якую ў якасці прадзюсара ўзначальваў Філіп Кіркораў».

Да Калдуна пытанняў няма. А астатнія двое?

«У Аляхно шанцаў было мала, бо якраз змяніўся фармат конкурсу. Ён вылецеў з фіналу, куды, паводле старых правілаў, трапіў бы аўтаматычна дзякуючы поспеху Калдуна. І я нават напярэдадні конкурсу пісаў прэзідэнту ліст пра тое, што нам нічога не свеціць. Каб там не было атмасферы завышаных чаканняў.

Ялфімаў хацеў працаваць толькі са сваім прадзюсарам. Гэта супярэчыла ўмовам яго кантракта з БТ, і мы мелі права ўвогуле «выкінуць» яго з конкурсу, як чалавека, які адмовіўся падпісаць дамову.
Але па просьбе з Адміністрацыі прэзідэнта мы пайшлі яму насустрач. Хіба што папярэдзілі, што, калі справы пойдуць дрэнна, усе стрэлкі перавядзем на іх, і будзе скандал. Так і адбылося.

Дарэчы, яшчэ пасля правала АНТ ў 2010 годзе нам прапаноўвалі забраць конкурс назад. Я адмовіўся.

Не ведаю, навошта БТ ізноў «павялося», людзі ж дасведчаныя».

Ці заўжды вы на 100% былі ўпэўненыя ў лічбах, якія штогод высвечваліся на экранах у конкурснай студыі?

«Я ніколі не кантраляваў працэс галасавання. Там былі камісіі, журы, якія «варыліся» ў сваім катле, і адпаведныя тэхнічныя рашэнні. Мая справа была — арганізацыйна забяспечыць усе акалічнасці. А каго выбяруць, ці можа ён (ці яна) пець — гэта мяне ніколі не турбавала».

Што вы можаце сказаць пра прадзюсара Дзмітрыя Баранава, якога абвінавачваюць у фальсіфікацыі вынікаў «Еўрафэста»?

«Дзмітрый — шараговы супрацоўнік. Такіх на Белтэлерадыёкампаніі ў той час працавала 3 тысячы чалавек. Да таго ж, у нас ён мала працаваў, а нашмат больш супрацоўнічаў з прадзюсарскім цэнтрам Аляксандра Ціхановіча…

Чалавек ён добры, ніколі не было праз яго ніякіх праблемаў. У музыцы добра кеміць».

Чаму да «Еўрабачання» ў Беларусі дагэтуль столькі ўвагі? З 2004 года ўдзельнічаем, але не дасягнулі амаль нічога…

«Гэта комплекс непаўнавартаснасці маладой нацыі. Нічога гэты конкурс не азначае, насамрэч.

А мы ў ім ўдзельнічаем згодна з прынцыпам «каб не горш, чым у людзей».
Дарэчы, ніхто мне ні кулуарна, ні публічна такіх задач, каб абавязкова перамагчы, не ставіў. Усе ведаюць, што гэта вельмі і вельмі складана, таму я хацеў бы на такога «пастаноўшчыка задач» паглядзець.

А мы, даруйце за нясціпласць, адразу ўзялі 6-е месца на дарослым «Еўрабачанні» і 1-е на дзіцячым, прыцягнулі ў Мінск фінал дзіцячага «Еўрабачання», які быў прызнаны лепшым шоў у межах гэтага конкурсу. А творчую групу, якая рыхтавала дзіцячае „Еўрабачанне“ ў Мінску, я асабіста падаваў на дзяржаўныя ўзнагароды. І тое іх «кіданулі» і я выбачаўся перад хлопцамі і дзяўчатамі, якія рабілі гэтае свята».

Ці не час ужо супакоіцца?

«Для справядлівасці мушу заўважыць, што, а priori кожны ўдзел Беларусі ў пэўных спаборніцтвах прадугледжвае накіраванасць на перамогу. Гэта агульнавядома. Лукашэнка мае пэўны спартыўны азарт і патрабуе, каб усе выкладаліся, на кожнай дыстанцыі: «Еўрабачанне» гэта ці Алімпіяда. Але такога, каб ён тэлефанаваў мне і казаў, што я мушу адабраць лепшага і г.д. — такога не было. Ён сам ведае, чаго вартая беларуская эстрада і чаго ад яе можна чакаць. І што тыя, каго адбіралі на «Еўрабачанне», — гэта столь айчыннага шоў-бізу. А тое, што кожны год пасля пачыналася — «Мы б заспявалі лепш і г.д." — гэта ўсё з галіны фантастыкі».

Наколькі істотнай была доля Белтэлерадыёкампаніі ў фінансаванні «Еўрафэста» і ўдзела ў «Еўрабачанні»? Ці працавалі вы са спонсарамі?

«Белтэлерадыёкампанія ніколі не запрашала спонсараў для арганізацыі «Еўрафэста». Мы заўжды цалкам аплачвалі нацыянальны адбор, падрыхтоўку і ўдзел прадстаўнікоў Беларусі ў «Еўрабачанні» са сваіх рахункаў. У Белтэлерадыёкампаніі дастаткова сродкаў для таго, каб правесці які заўгодна конкурс нацыянальнага маштабу. Да таго ж, «Еўрафэст» — гэта не такое ўжо і выдатковае мерапрыемства. Яно ж праводзіцца на «дзяржаўнай» паляне! Можна, напрыклад, напісаць ліст у адміністрацыю Палаца Рэспублікі, каб далі зніжку. Справа ў тым, каб умець дамовіцца і скараціць выдаткі да мінімуму».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?