Фота Юліі Дарашкевіч
Сетка бістро «Хутка-смачна» беларусізавала назвы сваіх страваў. Як ацэньваюць наватворы мовазнаўцы?
Зьміцер Саўка, суаўтар кнігі «Беларускі клясычны правапіс»:
Сама ініцыятыва сымпатычная. Варта толькі даць колькі парадаў. Не пасьпелі мы адысьці ад савецкай кулінарнай традыцыі зь яе картофельным пюрэ (па-беларуску, дарэчы, таўпеня, таўканіца), як на нас наваліўся Галівуд зь ягонымі гамбургерамі і хот-догамі. Таму трэба зьвярнуцца да нашай гісторыі, што назапасіла багата ўласных назоваў кулінарных страваў. Іх толькі трэба адпаведным чынам актуалізаваць і прыстасаваць з улікам патрабаваньняў часу.
Калі гаварыць канкрэтна па назвах, то хадун, безумоўна, удалы варыянт, і няхай не палохае кагосьці сынанімічнасьць зь дзіцячай прыладай, бо ў той жа ангельскай мове існуе безьліч значэньняў аднаго і таго ж слова. Луста, ці лусьцень — гэта і ёсьць прыклад удалай актуалізацыі тэрміну, што ўжо існуе. Златка. Калі аўтары назову ў якасьці асновы ўжывалі слова «злата», то яны ня маюць рацыі, бо гэта стараславянізм, які пярэчыць прынятай практыцы поўнагалосься ў беларускай мове. Я прапанаваў бы якісь іншы варыянт, напрыклад смажань.
Надзея Шакун, супрацоўніца Інстытуту мовазнаўства:
У дачыненьні да хадуна і лусты/лусьценя мне ўсё зразумела — з пазыцыі словаўтварэньня ўсё тут нармальна. Калі пабачыш дзесьці такую назву і сам хадун, то сэнс назвы будзе зразумелы кожнаму, хто валодае беларускай мовай. Златка пакідае пытаньні. Нейкая непразрыстая назва. Аднак існуе панятак варыянтнасьці. Чым больш будзе існаваць варыянтаў, тым багацейшаю будзе мова. Таму пакінем гэтае права за аўтарамі.
Зьміцер Паўлавец, загадчык катэдры беларускай культуры Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Скарыны:
Пазытыўная зьява. Мы мусім мець свае зразумелыя кожнаму назвы.
У назьве хадун мне не падабаецца суфікс —ун, які мае рэзкае эмацыйнае адценьне, праставатае такое. Магчыма, нейкі іншы суфікс надаў бы назьве іншую эмацыйна-вобразную характарыстыку. А вось златка — неблагая назва, хоць тут прасочваецца нейкі ўплыў чэскай мовы.
Луста ці лусьцень? Луста гучыць традыцыйна. А лусьцень прадугледжвае, што на гэтай лусьце нешта ляжыць, таму, хутчэй за ўсё, такі варыянт больш адпавядае той страве, якую пад такой назвай прапануе «Хутка-смачна».