фота з kilgor-trautt.livejournal.com

фота з kilgor-trautt.livejournal.com

Павал Аракелян — адзін з найлепшых саксафаністаў Беларусі. Вядомасць у інтэрнэце ён займеў, арганізаваўшы канцэрт у падтрымку пацярпелых пасля тэракта ў метро. Музыка напісаў джазавую кампазіцыю на вершы Някляева і прынцыпова не ўдзельнічае ў «забеларускіх» канцэртах. Затое грае ў дзіцячых дамах. Артыст і палітыка: як гэтыя паняцці сумяшчаюцца ў беларускіх рэаліях? І ці лёгкі хлеб джазавага музыкі?

«Наша Ніва»: Павал, ты нарадзіўся ў Баку. Як патрапіў у Беларусь?

Павал Аракелян: Мая сям’я перабралася сюды незадоўга да трэцяй хвалі этнічных чыстак армянаў. Практычна, мы з’ехалі за пару месяцаў да пачатку грамадзянскай вайны. Многія тады эмігравалі ў Маскву, ЗША, Заходнюю Еўропу. Тата выбраў Беларусь, хоць раней тут ніколі не быў.

Кіраваўся тым, што ў краіны былі ўсе шанцы стаць другой Швейцарыяй — ціхай, спакойнай, багатай.
Мы не вельмі любім тлум, вялікія мегаполісы. Я да гэтай пары шчаслівы, што не паехалі ў Расію: не люблю Маскву. На жаль, у Беларусі здарыўся такі форс-мажор, адзін працэнт са ста, які перакрэсліў усе надзеі на гэтую краіну… У Азербайджан я не езджу, не раяць.
Хоць у Мінску мы жывём кватэра ў кватэру з азербайджанцам. У нас мір, спакой і парадак.

«НН»: Значыць, Беларусь стала для цябе роднай?

ПА: Так, я сябе нацыянальна ідэнтыфікую з беларусам.

«НН»: Гэта і паклікала на Плошчу?

ПА: Я выступаю з пазіцыі «як мне прасцей жыць». Я прыйшоў да высновы, што трэба казаць тое, што лічыш патрэбным, не крывячы душой перад сабой. Падчас выбараў-2006 я пачаў сачыць за падзеямі, зразумеў, што ў Беларусі аўтарытарны рэжым. Пасля выбараў цікавіўся лёсам Казуліна. Гэта быў перыяд маральнага сталення.

Падчас апошняй Плошчы я вырашыў зрабіць тое, што ў маіх сілах. Звязаўся са штабам Някляева. Мы дамовіліся пра выступ. Разлічвалі, што мітынг будзе мірны, што не будзе правакацый. Калі даведаўся, што здарылася з калонай Някляева, ішоў без асаблівых спадзяванняў. У выніку я проста адстаяў на Плошчы, пакуль было магчыма. Увогуле, не вельмі камфортна пачуваюся ў натоўпе. Але тады было адчуванне ўздыму і яднання.

«НН»: Не было думкі, што вось ён, дзень «Х», пасля якога надыдзе дэмакратыя?

ПА: Дэмакратыя, свабода — гэта не Лукашэнка, не Куляшоў, не прозвішчы, не асобы. Гэта доўгая-доўгая праца ўсіх дзесяці мільёнаў. Праз тыдзень дэмакратыя не прыйшла б, але быў бы шанец хутчэй распачаць гэтыя змены.

«НН»: Ты не лічыш, што артыст мусіць быць па-за палітыкай?

ПА: Я б хацеў, каб так было. І не абавязкова ствараць на палітычныя тэмы. Мы, да прыкладу, песні пра свабоду не спявалі, гэта не наша. Але любая творчая актыўнасць шчыльна звязаная з навакольным жыццём. Калі чалавек недаатрымлівае інфармацыі палітычнай, эканамічнай, культурнай — любой, гэта будзе ўплываць у цэлым на яго светапогляд.

«НН»: Многія твае «калегі па цэху» пазбягаюць смелых выказванняў…

ПА: Я не баюся «праблемаў», бо не магу сур’ёзна ўплываць на сітуацыю. Іншая рэч, скажам, Міхалок: у яго ёсць выхад на рэальныя масы.

Фастфуд для вушэй

«НН»: Як ты ставішся да ўдзелу попвыканаўцаў у канцэртах «За Беларусь»?

ПА: Пачнём з таго, што яны ў прынцыне не артысты. Артыст не мусіць разлічваць толькі на матэрыяльную выгаду. Такое мастацтва нічога ў сабе не нясе, не мае на ўвазе і не застаецца ў памяці лю¬дзей. Такое ёсць паўсюль, але на Захадзе навучыліся рабіць «фаст-фуд для вушэй і вачэй» лепшай якасці. Цябе «абслугоўвае» попдзіва ці «дзівец», за якімі стаіць велічэзная каманда прафесіяналаў.

«НН»: Усё-такі пра беларускую эстраду. Ці ёсць людзі, якія заслугоўваюць увагі?

ПА: Частка вельмі добрых артыстаў супрацоўнічае з эстраднымі «зоркамі». Я мог бы назваць з дзясятак музыкаў джазавай школы, якія акампаніруюць усёй поп і рок-сцэне. Я ад такога супрацоўніцтва адмовіўся. Бо ўсё адно гэта набывае палітычную афарбоўку. Твой інструмент можа прагучаць у фанаграме канцэрта «За Беларусь».

«НН»: І што — не было спакусы паступіцца перакананнямі?

ПА: Імкнуся шукаць іншыя крыніцы прыбытку. Шмат што спрабаваў: ад грузчыка да гейм-дызайнера. Нядаўна быў шыкоўны кінапраект — я зняўся ў серыяле Андрэя Курэйчыка «Вышэй за неба».

«Выступы ў рэстаранах — гэта фініш»

«НН»: Ты граў з вядомымі беларускімі джаз-бэндамі, цяпер у цябе свой праект…

ПА: Мне прасцей сабраць людзей, з якімі мне зручна, прыемна, камфортна. Гэта прывяло да праекта «Аўтсайдары», што існуе цяпер. Ён заўсёды ішоў паралельна, дзе б я ні іграў — ці ў «Яблычнай гарбаце», ці ў Svet Boogie Band.

«НН»: Ці лёгка джазмэну зарабляць на хлеб?

ПА: Ідэю зарабляць музыкай я пакінуў. Выступы ў рэстаранах я лічу рамесніцтвам, да таго ж, якое нізка аплачваецца. Як правіла, гэта старт. А ў нас — фініш.

Ты прыходзіш у рэстаран і там застаешся. Прафесійныя музыкі незапатрабаваныя. Народу «скармліваецца» няякасны прадукт з ТБ і радыё.

«НН» Дык, можа, музыка ў вас занадта складаная?

ПА: Аднойчы ў кампаніі далёкіх ад мастацтва людзей, крымінальнікаў, мяне папрасілі сыграць джаз. Праз нейкі час адзін з прысутных сказаў: «Я нічога не зразумеў, але ў гэтым нешта ёсць». Калі мы прыязджаем у дзіцячыя дамы, дзеці могуць выслухаць джазавы канцэрт. У іх галава яшчэ не забітая стандартнымі ўяўленнямі пра тое, якой «мае быць» музыка.

***

Павел Аракелян

Нарадзіўся ў 1985 у Баку (Азербайджан). Праз тры гады сям’я пераязджае ў Мінск. Музыка, саксафаніст, флейтыст. Скончыў музычнае вучылішча імя Глінкі (2004). Удзельнічае ў розных музычных праектах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?