Гісторыя311311

Сапраўдныя беларускія сімвалы: «Пагоні» больш як 700 гадоў, чырвона-зялёны сцяг таксама маладзейшы за бел-чырвона-белы

Герб «Пагоня» — ваяр з узнятым мячом на белым кані ў чырвоным полі — вядомы ў Беларусі з глыбокай старажытнасці.

У якасці дзяржаўнага герба Княства Літоўскага, старажытнай беларускай дзяржавы, яе пачаў выкарыстоўваць вялікі князь Віцень у канцы XIII стагоддзя.

«Віцень нача княжыці над Літвою, ізмыслі сабе герб і ўсяму княству Літоўскаму пячаць: рыцар збройны на кані з мячом, ежэ ныне нарычуць Пагоня», — піша Густынаўскі летапіс.

Чаму «Пагоня»? Так называўся высакародны звычай, пашыраны ў нашых землях. У выпадку раптоўнага налёту ворагаў — вось наляцелі чужынцы, схапілі каштоўныя рэчы і дзяцей у палон — усе мужчыны, якія маглі трымаць зброю, сядалі на коней і пераследавалі захопнікаў, каб вызваліць забраных суайчыннікаў.

У часы вялікага князя Ягайлы (XIV ст.) на шчыце «Пагоні» з’явіўся шасціканцовы крыж — знак венгерскіх каралёў.

Адбылося гэта пасля таго, як вялікі князь ажаніўся з Ядзвігай, польскай каралеўнай венгерскага паходжання. Знак той нагадваў здаўна вядомы нашым продкам Ярылаў крыж — сімвал бога сонца і ўрадлівасці.

Царква надала «Пагоні» іншае значэнне: святары былі схільны лічыць яе выявай святога Юр’я, нябеснага апекуна Беларусі.
Выявай «Пагоні» ўпрыгожаныя ўсе дзяржаўныя дакументы тагачаснай Беларусі, старонкі «Літоўскай Метрыкі» і «Статутаў».

«Пагоня» была на сцягах беларуска­-літоўскага войска ва ўсіх вырашальных бітвах тых часоў — ад Грунвальда да Оршы.

Пасля Люблінскай уніі «Пагоня» нароўні з польскім белым арлом змяшчалася на гербе Рэчы Паспалітай і на каралеўскім сцягу.

Нават пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у XVIII стагоддзі, калі Беларусь трапіла пад уладу Расіі, «Пагоня» засталася гербам беларускіх губерняў.

Яна трапіла на значкі расійскіх войскаў, размешчаных у Беларусі (напрыклад, Гродзенскага гусарскага), і нават на герб Расійскай імперыі.

Пячатку з «Пагоняй» меў і Кастусь Каліноўскі —

кіраўнік паўстання 1863 года.

У пачатку ХХ стагоддзя Максім Багдановіч прысвяціў старажытнаму беларускаму гербу пранікнёны патрыятычны верш:

Усё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць…
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць!

У 1918-м «Пагоня» стала дзяржаўным гербам Беларускай Народнай Рэспублікі — першай незалежнай беларускай дзяржавы.

Калі ў канцы 1980-х разгарнулася барацьба за незалежнасць Беларусі, «Пагоня» з’явілася каля лагатыпаў падпольных улётак і першых незалежных газет. Харугвы з ёй неслі на чале шэсцяў. З’явіліся новыя карціны па яе матывах і песні пра яе.

З аднаўленнем незалежнасці ў 1991-м «Пагоня» зноў набыла дзяржаўны статус.

Выдатныя мастакі Яўген Кулік, Уладзімір Крукоўскі і Леў Талбузін выпрацавалі для яе новы канон. Яны надалі шасціканцоваму крыжу на шчыце выгляд крыжа Еўфрасінні Полацкай, святой заступніцы Беларусі. На «Пагоні» прысягала беларускае войска. Яна ўпрыгожвала тэкст канстытуцыі і трыбуну, на якой прысягаў прэзідэнт.

Аднак у 1995-м Аляксандр Лукашэнка, каб атрымаць падтрымку і грошы Расіі, вырашыў узяць курс на русіфікацыю.

У атмасферы тэрору быў абвешчаны «рэферэндум». Сярод пытанняў былі змена дзяржаўнай сімволікі і ўвядзенне расійскай мовы ў якасці дзяржаўнай.

Каб матываваць гэтую змену, прапаганда карысталася беспардоннымі фальсіфікацыямі.

Рэжысёр Юрый Азаронак зняў фільм «Дзеці хлусні», у якім даводзіў, што «Пагоня» і бел­-чырвона-­белы сцяг… фашысцкія, на той падставе, што беларусы іх выкарыстоўвалі ў часы нямецкай акупацыі. Пра тое, што «Пагоня» стагоддзямі існавала перад той вайной, фільм змоўчваў.

Немцы, шведы, украінцы, літоўцы — усе трымаюцца сваёй нацыянальнай сімволікі і будуюць нацыянальныя дзяржавы. Ва ўсёй Еўропе толькі Беларусь пагналася за халяўнымі расійскімі грашыма.

Гэта, бадай, самая ганебная пагоня ў беларуская гісторыі.

Але значэнне «Пагоні» такое, што сцерці яе з памяці не ўдалося.

Нацыянальнай сімволікай працягвае карыстацца інтэлігенцыя, моладзь.

Многія школьнікі носяць значкі з нацыянальным сцяжком або «Пагоняй».

Адзін мой знаёмы хлопец, якому ў школе забаранялі насіць такі значак, чапляў яго на адвароце лацкана. Іншыя маюць «Пагоню» на сваіх аватарках у сацыяльных сетках.

Налепкі з «Пагоняй» можна пабачыць на машынах. У тысячах кватэр вісяць бел­-чырвона­-белыя сцягі.

«Пагоня» сягае каранямі ў сівую даўніну, а вось нацыянальны сцяг быў кадыфікаваны адносна нядаўна.

Беларусы здаўна шанавалі спалучэнне белага і чырвонага колераў.

На карціне XVI ст. «Бітва пад Оршай» пікі ваяроў ВКЛ упрыгожваюць сцяжкі з выявай чырвонага крыжа на белым полі — крыжа святога Юр’я.

Чаргаванне белых і чырвоных палосаў можна бачыць і на сцягах каралёў Рэчы Паспалітай. У хрысціянскай сімволіцы чырвоны пас (або крыж) на белым полі сімвалізаваў кроў Хрыста.

Аднак

бел­-чырвона­-белы сцяг у сённяшнім выглядзе, у адрозненне ад «Пагоні», мае канкрэтнага аўтара.

Сцяг стварыў у 1917 Клаўдзій Дуж-Душэўскі.

Да яго, маладога архiтэктара, выпускнiка Пецярбурскага горнага iнстытута і найталенавіцейшага тэатрала, з просьбай зрабіць эскіз нацыянальнага сцяга звярнуліся беларускiя арганiзацыi Пецярбурга.

«Беларусы [даўней] лічылі сваім дзяржаўным сцягам белую Пагоню на чырвоным полі», — пісаў ва ўспамінах Дуж-Душэўскі. Рух за незалежнасць хацеў стварыць сабе сцяг больш адрозны ад герба, як было ў іншых, дзяржаўных народаў».

Створаны Дуж-Душэўскім сцяг быў упершыню ўзняты ўвесну 1917 на будынку Беларускага таварыства дапамогi пацярпелым ад вайны ў Пецярбургу

(Дуж-Душэўскi быў супрацоўнiкам гэтага Таварыства). А 12 сакавiка ў Мінску ўпершыню адбылося масавае свята — нацыянальны Дзень беларускага значка. Бел-чырвона­-белыя значкi, кукарды і сцяжкi можна было пабачыць паўсюль на вулiцах.

Бел-чырвона­-белую стужку ў 1917-м сталі насіць і вайскоўцы-беларусы на франтах Першай сусветнай вайны, каб пазнаваць сваіх.

У снежнi 1917 у Мінску падчас Усебеларускага з’езда бел­-чырвона­-белы сцяг ужо адзiнадушна прызнаваўся нацыянальным сімвалам Беларусi. Ён усім адразу прыйшоўся да душы: светлы, зыркі і непаўторны.

Ён стаў дзяржаўным сцягам Беларускай Народнай Рэспублікі.

За саветамі ж сцяг быў забаронены.

За яго малюнак можна было страціць працу, а то і жыццё. Тады ж чырвоны пас на сцягу набыў новае тлумачэнне — кроў, пралітая за айчыну.

Бел-чырвона­-белы сцяг і «Пагоня» — сімвалы змагання беларусаў за свабоду. З нацыянальным сцягам звязаная легендарная постаць Мірона —

невядомага, які ўздымае сцягі на самых высокіх і небяспечных пунктах. «Міронам» ён падпісваўся ў цыдулках, прымацаваных да штандараў. Відаць,

у рэальнасці такіх Міронаў дзясяткі, калі не сотні.

За вывешванне нацыянальнага сцяга ў Віцебску нядаўна быў пасаджаны ў турму патрыёт Сяргей Каваленка.

Парадаксальна, але ўлады таксама патроху пачынаюць разумець, што гісторыю не сатрэш.

«Пагоня» вярнулася на герб Віцебскай вобласці. Для яе знайшлі і афіцыйнае вызначэнне — «гістарычны сімвал Беларусі».

Чырвона-зялёны ж сцяг прыдумалі сталіністы.

У канцы 1940-х Сталіну спатрэбілася стварыць сцягі саюзных рэспублік СССР, асабліва тых, якія былі членамі ААН.

Яны былі выраблены на аснове сцяга савецкай імперыі.

Для сцяга БССР у якасці адметнасці выбралі беларускі народны арнамент.

Тады ў архівах знайшлі малюнак вышыўкі на ручніку, зроблены ў 1917-м сялянкай Матронай Маркевіч з в. Касцёлішча Сенненскага раёна. Вышыўка называлася «Узыходзячае сонца». Мастак Гусеў падрыхтаваў праект на аснове гэтага рысунка, з пэўнымі сімвалічнымі дадаткамі. Гэты сцяг і зацвердзілі ў 1951.

Герб БССР трохі даўнейшы. Ён быў прыняты ў 1927, таксама на аснове герба СССР.

Спачатку на ім былі надпісы на чатырох дзяржаўных мовах: беларускай, расейскай, польскай і ідыш. Але ў 1937-м польскую і ідыш прыбралі.

Цяперашнія сцяг і герб распрацаваны на аснове савецкіх. З іх папрыбіралі толькі камуністычныя лозунгі.

З лозунгамі даходзіла, дарэчы, да смешнага.

Так, указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 20 лістапада 1938 быў удакладнены пераклад на беларускую мову дэвіза на гербе, ён стаў чытацца як: «Пралетарыi ўсiх краiн, еднайцеся!».

Як успамінаў тагачасны кіраўнік справаў Саўміна Аўген Калубовіч, ініцыятаркай зменаў, у тым ліку ўвядзення ў яго арфаграфічнай памылкі была Старшыня Вярхоўнага Савета БССР Надзея Грэкава.

Матывавала тым, што «яна як сакратар ЦК часта падпісвае «дырэктывы» калгасам, што ўжо пара пачынаць «злучную кампанію для ската»; таму заклік «злучайцеся!» у дачыненні да пралетарыяту «неяк нядобра гучыць». А слова «яднайцеся» мусіла пісацца праз «е», каб падчас пераносаў не выйшла «яд­»…

Нагадаем, ад рук сталіністаў у Беларусі загінула каля 200 тысяч чалавек, а ўсяго праз рэпрэсіі прайшло 600 тысяч.

Такім чынам, афіцыйны герб РБ маладзейшы за «Пагоню», прынамсі, на 7 стагоддзяў, а чырвона-зялёны сцяг на 34 гады маладзейшы за бел­-чырвона­-белы.

Каментары311

Вось што варта расказаць літоўцам пра «Пагоню»

Вось што варта расказаць літоўцам пра «Пагоню»

Усе навіны →
Усе навіны

Бізнэсмена з Эстоніі арыштавалі ў Беларусі за палітыку. Вось хто ён такі

Трамп: Пуцін «разбурае Расію», не заключаючы з Кіевам пагадненне аб спыненні вайны13

Беларусбанк увёў сістэму праверкі рэквізітаў праз махляроў1

Чарга з легкавікоў на польскай мяжы амаль знікла

Дабратвор перадумаў праводзіць у Варшаве пікет за Канапацкую. І вось чаму20

Толькі сем беларусаў атрымалі прытулак ва Украіне ў мінулым годзе4

Трамп памілаваў 1600 удзельнікаў штурму Капітолія7

Самы дарагі катэдж Беларусі каштуе $8 мільёнаў і знаходзіцца ў садовым таварыстве «Малінка» ШМАТ ФОТА12

«Самая выдатная палітычная прамова, якую мне прыходзілася чуць». Пазняк не шкадуе эпітэтаў на адрас Трампа67

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вось што варта расказаць літоўцам пра «Пагоню»

Вось што варта расказаць літоўцам пра «Пагоню»

Галоўнае
Усе навіны →