«Адкладзеная свабода» заўчасна памёрлага Віталя Сіліцкага і «Быць (пры)сутным» Алеся Анціпенкі адкрылі новую кніжную серыю.
Яе задача — зрабіць агульнадаступнымі актуальныя і цікавыя творы беларускіх інтэлектуалаў.Выдаўцы хочуць зрабіць серыю рэгулярнай. Бліжэй да лета з’явяцца зборнікі Валера Булгакава і Сяргея Харэўскага.
Гэта серыя філасофскай кнігі, але не ў яе манаграфічным выглядзе, а, скажам так, у «лёгкім» фармаце,і слова «лёгкі» тут прывязана не да зместу, а да формы падачы — кожная кніга з серыі ўяўляе з сябе збор важных тэкстаў аўтараў, якія могуць проста згубіцца на прасторах інтэрнэту. Фармат серыі — кніга з 100 тысяч сімвалаў. Такую кнігу можна чытаць і канспектаваць дома з алоўкам, а можна чытаць у транспарце.
«Адкладзеная свабода» Віталя Сіліцкага — першая кніга з цыклу, і хутчэй вынятак.Паводле задумы Алеся Анціпенкі і Валянціна Акудовіча, кожны з аўтараў мусіў адабраць найбольш важныя і любімыя ім тэксты, і скласці зборнік. Аднак цяжкая хвароба Сіліцкага не дала яму скончыць гэтую працу.
«Адкладзеная свабода» — адна з найбольш важных прац Сіліцкага — была надрукаваная ў 2003 годзе ў Arche.Віталь Сіліцкі натхніўся падзеямі вакол асобы Слабадана Мілошавіча і стварыў насамрэч важны для беларускай палітыкі твор, дзе правёў паралелі паміж Сербіяй і Беларуссю.
«У сваёй кнізе Сіліцкі разглядае тры сцэнары развіцця падзей у Беларусі,— кажа Алесь Анціпенка. — І найменш верагодным з іх называе „дэмакратычны прарыў“. З моманту публікацыі кнігі прайшло амаль дзесяць год, аднак адчуванне, што яна напісана толькі ўчора, захоўваецца.
Шкада, што тыя беларускія палітыкі, для якіх яна пісалася, не зрабілі з яе правільнай высновы».Апроч таго зараз рыхтуецца выданне яшчэ пяці кніг Віталя Сіліцкага, у якіх (як і ў «Адкладзенай свабодзе»), у прыватнасці, раскрываецца канцэпцыя прэвентыўнага аўтарытарызму, якой цяпер актыўна займаюцца заходнія палітолагі, аднак якая ў Беларусі амаль не разглядаецца.
Што тычыцца другой кнігі — «Быць (пры)сутным» Алеся Анціпенкі, то тут сітуацыя крыху іншая — кніга, складзеная з розных тэкстаў, можа выклікаць эфект падманнай лёгкасці.Проста Алесь Анціпенка, адзін з найвыбітнейшых беларускіх інтэлектуалаў, а гэтая кніга з’яўляецца як бы квінтэсенцыяй ягоных ідэй. Пад адной вокладкай змясцілася і філасофія, і літаратура, і проста нататкі, якія, калі казаць шчыра, вельмі добра могуць растлумачыць беларусам, якія мы ёсць насамрэч.
Акудовіч, які рэдагаваў кнігу, кажа, што Анціпенка не дасягнуў дзвюх мэтаў: не выдаў шэрагу аналітычных кніг па футуралогіі, паліталогіі і іншых дысцыплінах, а таксама не стварыў іншага шэрагу — літаратурнага. «Проста ў свой час Алесь сказаў, што лепш выдасць 30 чужых класных кніг, чым напіша адну сваю» — узгадвае Акудовіч.
«Быць (пры)сутным» — кніга з тых, якія варта мець у хатняй беларускай калекцыі.





