Свой вольны ад заняткаў час я вырашыў прысвяцiць падарожжам па роднай Беларусi. Сядзець два днi дома i глядзець тэлевiзар хутка надакучвае, таму прыходзiцца шукаць iншыя забавы. Мой сябра Дзмiтрый таксама паўстаў перад пытаннем: што рабiць? Сумеснымi намаганнямi сышлiся на чарговым падарожжы аўтастопам. Толькi на гэты раз вандроўка рызыкавала стаць больш працяглай, чым папярэднiя. Справа ў тым, што запланаваны за пяць хвiлiн спiс пунктаў прызначэння, якiя мы вырашылi наведаць, складаўся з не менш чым 20 назваў. Адпраўным месцам па традыцыi выбралi «кальцо» нашай сталiцы. Дзеля гэтага нам з сябрам прыйшлося вяртацца ў Мiнск з родных гарадоў: Светлагорска i Маладзечна. З вечара прыгатавалi цёплыя рэчы, сабралi заплечнiкi, паклалi толькi неабходнае: тэрмас, шакалад, рукавiцы, зменную бялiзну, сродкi гiгiены, мапу краiны i лiчбавую апаратуру. У 9 гадзiн ранiцы наступнага дня пры поўнай амунiцыi ўжо стаялi на Гродзенскiм напрамку i «галасавалi». Задача: дабрацца да Лiды, а па дарозе зазiрнуць у iншыя знакамiтыя мясцiны. Чакаць доўга на шашы не давялося. Нам адразу прапанавалi праехацца ў камфортнай машыне да канцавога пункта. Але да захаду сонца заставалася яшчэ 7 гадзiн i, хоць нам таго не хацелася, мы ўсё ж такi вырашылi адправiць. І выйсцi з цёплага аўтамабiля на павароце кiламетры за чатыры ад мястэчка Iўе. Наступную машыну чакалi хвiлiн пятнаццаць. Здавалася б, не вельмi працяглы час, але калi на дварэ 10 градусаў нiжэй нуля, то ў галаву прыходзяць адны думкi: што я тут згубiў? Вадзiцель мiкрааўтобуса, якi згадзiўся даставiць нас ад лiдскай шашы да мястэчка, высадзiў на ўскраiне населенага пункта, каб мы змаглi паглядзець тутэйшую мячэць, ды яшчэ расказаў, што мы зможам убачыць, калi пройдземся па Iўю пешшу. Ужо само ўпамiнанне пра мячэць выклiкала ў нас вялiкую цiкавасць: у цэнтральнай i ўсходняй Беларусi такая з’ява ўвогуле не характэрна. Калi ўязджаць у Iўе з боку Навагрудка, то такую рэдкую культавую пабудову цяжка не заўважыць. Хоць мячэць i схавалася сярод прыватных дамоў, але паўмесяц над шатровым дахам яскрава выкрывае малiтоўны дом мусульман. Мы вырашылi разгледзець мячэць зблiзку, спадзявалiся, што атрымаецца нават зазiрнуць унутр, але брамка была зачынена i нам больш нiчога не заставалася, як вывучаць архiтэктурны помнiк за агароджай. Атрымалi шмат уражанняў i не расчаравалiся, што спынiлiся тут. Дарэчы, калi б мы прыехалi сюды, напрыклад, у канцы ХIХ стагоддзя, калi яна i была пабудавана на сродкi ўладальнiкаў мястэчка, магчыма, што абмiнулi б яе ўвогуле бокам. А звязана б гэта было з тым, што першапачаткова мячэць амаль нiчым не адрознiвалася ад сялянскай хаты, i толькi ў 1922 годзе татары‑эмiгранты прыслалi з ЗША 500 долараў на пабудову мiнарэту.

Але нам трэба крочыць далей — у глыб раённага цэнтра. Па вузкiх вулачках выходзiм на гарадскую плошчу, ранейшую гандлёвую, дзе тады гуртавалiся рамеснiкi з наваколля, сярод якiх асаблiва шмат было габрэяў. Трэба дадаць, што для сучаснай Беларусi, у адрозненне ад часоў ВКЛ i Рэчы Паспалiтай, Iўе з’яўляецца ўнiкальным мястэчкам. Менавiта тут сутыкнулiся тры сусветныя рэлiгii: хрысцiянства, iслам i iудаiзм. Цiкава, што першая была прадстаўлена ў свой час трыма веравызнаннямi: католiкамi, праваслаўнымi i пратэстантамi.

Калi iсцi з плошчы ды павярнуць да ракi Iўянкi, на якой размешчаны гарадок, перад вачамi адкрыецца цудоўны вiд на касцёл Святых Пятра i Паўла, скульптуры якiх знаходзяцца ў праёмах на вонкавай частцы храма. Па дарозе да каталiцкай святынi не абмiнулi бокам стары млын на рэчцы. Зараз тут знаходзiцца бар, дзе кожны жадаючы можа перакусiць з дарогi. Усе атрыбуты млыну, акрамя вадзянога кола, засталiся i да нашага часу. Не падысцi да касцёла мы не мелi права, таму што менавiта ён на працягу iснавання Iўя адыгрываў вырашальную ролю ў жыццi местачкоўцаў. Парафiя Святых Пятра i Паўла налiчвае больш за 500 гадоў свайго iснавання. Будаваўся храм на левым беразе Iўянкi ў XVI стагоддзi з дрэва, на месцы, дзе першапачаткова знаходзiлася гарадзiшча i адкуль вялася забудова мястэчка. I толькi ў XVII стагоддзi набыў сённяшнi выгляд. Святыня знаходзiцца на ўзвышаным месцы, таму калi стаiш ля яе падножжа, храм выглядае велiчна i сурова. З левага боку размешчана скульптура Хрыста з распасцёртымi рукамi, якая нiчым, акрамя памераў, не адрознiваецца ад славутай скульптуры над Рыа‑дэ‑Жанейра. I зусiм не абавязкова ехаць за мора, калi такое ж можна ўбачыць i ў нашай краiне.

Каб выйсцi на вiленскую шашу, трэба вяртацца назад цераз плошчу. Непадалёк ад яе знаходзiцца былая сiнагога, у будынку якой зараз вядуцца рамонтныя работы. Мясцовыя ўлады вырашылi стварыць тут краязнаўчы музей. У аднаго з прахожых, але не жыхароў горада, спыталi патрэбную дарогу. Ён параiў нам заехаць у вёску Лiпнiшкi, дзе пабудаваны «неапiсальнай прыгажосцi» касцёл. Так i вырашылi зрабiць.

Двое мужчын давезлi нас да самай брамы каталiцкага храма ў Лiпнiшках, а па дарозе паведамiлi нам некаторыя цiкавыя факты з гiсторыi вёскi i парафii. Дарэчы, мястэчка лiчыцца адным з самых старажытных паселiшчаў на Беларусi. Узгадваецца з пачатку XV стагоддзя. У свае лепшыя часы мела магдэбургскае права i герб з выявай вершнiка з кап’ём у руках, якi захаваўся i па сёння. У канцы ХIХ стагоддзя ў Лiпнiшках хаваўся будучы дыктатар Польшчы Юзаф Пiлсудскi, i нават выдавалася падпольная газета Польскай партыi сацыялiстаў. Але ж найбольшую папулярнасць мястэчку прынёс касцёл, якi будаваўся ў 1900— 927 гг. На сродкi ўладара вёскi пана Вольскага, пробашча i мясцовага насельнiцтва. Гэта адзiн з трох падобных храмаў у Еўропе, якi праектаваўся французскiмi архiтэктарамi. Цiкава, што святыня будавалася толькi ўлетку, зiмой вялася нарыхтоўка валуноў, якiя збiралi па наваколлi i нават прывозiлi з руiнаў Геранёнскага замка, а потым доўга апрацоўвалi, каб надаць патрэбную форму. Камянi былi настолькi цяжкiя, што пры ўзвядзенні вежы, даводзiлася рабiць насцiлы, каб пры дапамозе конскай сiлы даставiць валуны наверх. Для больш моцнай хваткi ў цэментны раствор дабаўлялi нават яйкi. Як паведамiлi жыхары вёскi, цiкавыя звесткі можна атрымаць і ў настаяцеля парафii Святога Казiмiра ксяндза Крыштафа. Мы вырашылi скарыстаць шанц i зазiрнуць да святара. Але, на жаль, завiталi мы не ў час. Калядны перыяд патрабуе ад ксяндзоў наведвання прыходскiх хат. У гэты дзень айцец Крыштаф вымушаны быў перанесцi нашую сустрэчу на месяц пазней. Таму на гэтым наша знаёмства з Лiпнiшкамi не заканчваецца, куды мы далi абяцанне завiтаць у пачатку сакавiка.

На выхадзе з вёскi размясцiлiся могiлкi i каплiца, стан якой пакiдае жадаць лепшага. Тут нам давялося сустрэць таго ж мужчыну, у якога ў Iўi пыталi шлях на Вiльню. Размова атрымалася нядоўгай: нам хутка пашанцавала злавiць папутны транспарт, але пад’ехаць змаглi толькi да наступнай вёсачкi. Каб не змерзнуць на дарозе i хоць трошкi сагрэцца, нельга стаяць на месцы. Таму нам з Дзiмам давялося прайсцi пешшу не адзiн кiламетр. Але наша шчасце, што ёсць на свеце добрыя людзi. Малады чалавек на «Таёце» не адмовiў падкiнуць нас да Лiды, больш таго, даставiў пад самыя муры замка Гедымiна. Але мы не кiнулiся да агляду гiсторыка‑культурнай каштоўнасцi: голад узяў сваё! Узнавiць сiлы пасля доўгай дарогi вырашылi ў мясцовай сталоўцы каля замка. Выбар тут аказаўся невялiкiм: халоднае пюрэ, рыба, кампот з сухафруктаў. Але гэта лепш, чым нiчога. Адпачыўшы, пераходзiм да мэтаў, дзеля якiх i завiталi сюды. Замак XIV стагоддзя з’яўляецца, канешне, галоўнай вiзiтоўкай горада. Гэта адзiн з першых каменных абарончых пабудоў на Беларусi. За сваю доўгую гiсторыю шмат бачылi яго муры. Менавiта на гэтай зямлi пасялiлiся на Беларусi першыя татары на чале з ханам Тахтамышам. Вось чаму ў Лiдскiм краi захавалася так много людзей мусульманскага веравызнання i iх культавых пабудоў. Усе заваёўнiкi, што хацелi падначалiць сабе землi нашай Бацькаўшчыны, прайшлi каля яго сцен. Найбольш значны ўрон замак панес ад шведаў у часы Паўночнай вайны, калi былi ўзарваны яго дзве вежы. Здзiўляе тое, што ў часы ВАВ ён застаўся некранутым, нават тады, калi ў iм укрывалiся салдаты i знаходзiўся склад зброi. У апошнiя гады пляцоўка ўнутры замка выкарыстоўвалася пад розныя святочныя мерапрыемствы, зiмой тут залівалі каток. Зараз у двары стаяць лавы i канцэртная пляцоўка. I хоць на шыльдзе напiсана, што замак працуе да 18 гадзiн, дзверы ў яго зачынены на замок. Нам так i не давялося пабываць унутры. Але агледзець знешне мы ўсё ж такi здолелi. Ужо доўгiя гады ў замку вядзецца рэстаўрацыя. Сродкi на аднаўленне паступаюць адкуль толькi можна. Гараджане таксама ўносяць свой уклад у гэтую справу. Але большасць з iх незадаволена ходам аднаўленчых работ. Якасць цэглы, якая выкарыстоўваецца ў рэстаўрацыi, пакiдае жадаць лепшага. У гэтым мы пераканалiся самi. I сапраўды, цэгла ў адноўленых частках замка не мае адзiнага колеру i iншых вiдавочных прыкмет. Краязнаўцы ўвогуле гавораць аб тым, што цяперашнi абарончы комплекс не адпавядае гiстарычнаму. Але так цi iнакш, аднаўленне вядзецца, хоць лiдчане i госцi горада яшчэ не хутка ўбачаць сапраўдную велiчнасць замка, якая была ў перыяд ВКЛ.

Пакуль мы знаёмiлiся з «вiзiтоўкай» Лiды, на вулiцы зазiхацелi лiхтары. У некалькiх метрах ад замка знаходзiцца касцёл Уздзвiжання Святога Крыжа. Менавiта тут нам давялося шукаць начлег. Але спачатку патрэбна было даведацца, калi пачынаецца служба. У гэтым дапамагла адна з сясцёр, якая вядзе пры парафii нядзельныя заняткi для дзяцей, i паведамiла, што а палове дзевятнаццатай мы зможам пагутарыць з ксяндзом. На вячэрнюю службу мы прыйшлi загадзя, каб сустрэцца з ксяндзом. I перад пачаткам iмшы завiталi да айца Яна з наступнай просьбай: цi зможа хтосьцi з парафiянаў узяць на начлег двух студэнтаў‑журналiстаў. Пасля аб’явы ў канцы службы знайшлiся ахвотнiкi. Да сябе ў хату нас згадзiлася забраць адна з прыхажанак, спадарыня Бажына. Ва ўтульнай кватэры нас прынялi як ганаровых гасцей. Тут мы змаглi памыцца, перакусiць, атрымаць цёплы ложак, весела пагутарыць з гаспадыняй. I што б нi казалi пра наш няпросты час, ёсць у свеце людзi, якiя гатовы падзялiцца апошнiм, прыняць падарожнiкаў у дом, i ўсё гэта толькi за шчырае «дзякуй!». Але пра гасцiннасць беларусаў можна казаць бясконца i гэтай тэме я прысвячу асобны матэрыял у наступных нумарах.

Вось так i прайшоў першы дзень нашага падарожжа. Амаль усе задачы, якiя мы паставiлi перад сабой, мы выканалi. Заставалася адно: добра адпачыць перад другiм днём нашага шляху...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?