Партыя БНФ і гангстэры Тарантына

Афіцыйны сайт Партыі БНФ паведаміў аб удзеле намесьніка старшыні партыі Аляксея Янукевіча ў дубляваньні «Крымінальнага чытва». Пасада Аляксея згаданая без аніякіх агаворак і ў іншых паведамленьнях аб дубляваньні тарантынаўскага фільму. Файная справа, але ж Партыя БНФ абвяшчае, што яе погляды «знаходзяцца ў рэчышчы кансэрватыўнай і хрысьціянска‑дэмакратычнай ідэйнай традыцыі». Чаму тады ні партыя, ні сам беларускамоўны «баец Бутч» не пратэставалі супраць выкарыстаньня свайго партыйнага тытулу пры фактычнай раскрутцы фільму, зьмест якога ня мае нічога супольнага з хрысьціянскімі ідэямі, у СМІ?

Трылер‑баявік Квэнтына Тарантына, зьняты ў 1994. Культавае кіно 90‑х. Мноства крывавых сцэнаў, чорны гумар, брутальна‑іранічны погляд на жыцьцё. Перакладаць фільм на беларускую мову ўзялася ініцыятыва «Беларускі Гальфстрым» (Франак Вячорка). У дубляжы апроч Аляксея Янукевіча ўзялі ўдзел Лявон і Ганна Вольскія, Ігар Варашкевіч, Аляксандар Памідораў.

Агучваньне фільму цягне на новы радыкальны іміджавы крок ПБНФ. Сам Аляксей абгрунтаваў яго на «Свабодзе». «Я думаю, што некаторыя палітычныя здольнасьці можна праявіць пры гэтым, а некаторыя можна ўдасканаліць. Герой, якога я агучваю, яшчэ і вельмі моцны духам пэрсанаж, сам пра сябе клапоціцца, прыдумляе нейкія камбінацыі і дамагаецца таго, што ён хоча. Ня толькі на рынгу, але і ў жыцьці. Я лічу, што гэта вельмі добрая рыса».

Чакайце, я меркаваў, хрысьціяне — гэта людзі, што насьледуюць традыцыі Ісуса Хрыста. Што лічыў добрым Ісус — тое добра для іх. Таму моц духам яны даводзяць супрацівам злу, а не задавальненьнем уласнага эгаізму любым коштам. Клапоцяцца перадусім пра бліжніх. Не, гэта, відаць, нейкія іншыя фантастычныя хрысьціяне.

Анягож, намесьнік старшыні рэальнай партыі «хрысьціянска‑дэмакратычнай традыцыі» БНФ выкладае цалкам процілеглае бачаньне сваіх ідэалаў. Герой, паводле яго, мусіць клапаціцца пра сябе, а моц духу выяўляецца ў гатовасьці дайсьці да мэты любым коштам, задаволіць свой эгаізм. Прычым тут Хрыстос? Дарма ён на крыжы паміраў.

Хто каб салоўку паслухаць, а хто дзеркачовай песьні рады. Але неадэкватнасьць сытуацыі з захопленым удзелам кіраўніцтва кансэрватыўнай хрысьціянска‑дэмакратычнай партыі ў дубляваньні пазбаўленага ўсякіх маральных комплексаў твору з жыцьця гангстэраў мае сапраўды беларускі размах. Яна яшчэ больш уражвае, калі згадаць, што Аляксей быў не адзіным прадстаўніком кіраўніцтва ПБНФ, які ўзяўся несьці фільм «Крымінальнае чытво» ў беларускія масы. Кансультаваў перакладчыкаў у пытаньнях брыдкаслоўя сябра Cойму ПБНФ і ГА БНФ «Адраджэньне» Пятро Садоўскі. Яму хрысьціянскія і кансэрватыўныя традыцыі таксама не перашкодзілі чыніць фактычна адваротнае. І нічога, што надоечы Пятро Вінцэнтавіч пісаў на гэтых бачынах пра маральны рэлятывізм ды ўшчуваў няшчырасьць Фядуты, перасьцерагаў, «як бы ня страціць катэгорыю сораму».

Ніколькі не аспрэчваю за Аляксеем Янукевічам і Пятром Садоўскім як людзьмі права рабіць любыя ўчынкі, у тым ліку перакладаць фільмы якога‑заўгодна зьместу, Бог ім судзьдзя. Але прашу ўнесьці яснасьць у стаўленьне ПБНФ да пытаньняў хрысьціянскай маральнасьці. Чаму ў праграме партыі чытаем: «Дэмакратыя — гэта вяршэнства закону, ня толькі юрыдычнага, але й маральнага. БНФ «Адраджэньне» не прымае палітыкі без маралі. Прынцып маральнасьці палітыкі ўгрунтаваны на нашай культурнай традыцыі й хрысьціянскіх каштоўнасьцях нашых продкаў». А рэальна бачым — «Крымінальнае чытво» ад ПБНФ. Дзе сапраўднае? Калі ўжо абвесьцілі сябе хрысьціянамі, дык гэта ставіць перад вамі пэўныя маральныя вымогі. Сьвятая Інквізыцыя не прымушала Садоўскага і Янукевіча ўздымаць штандар хрысьціянскіх каштоўнасьцяў. Дапускаю, яны маглі перадумаць пасьля таго наконт хрысьціянскасьці, сапраўды, цяжкі ейны крыж, але ў такім разе трэба было ім абвесьціць пра свой выхад з партыі, і ва ўсялякім разе не дапускаць юзаньня імя БНФ дзеля раскруткі такога фільму. Або правесьці зьезд і зьмяніць праграму партыі.

Між іншым, справа ня толькі ў хрысьціянстве. Палітык — асоба публічная. Палітыка — ягоны асноўны занятак, мэта — арганізацыя кіраваньня супольнасьцю грамадзянаў. Гэта ўплывае на яго становішча ў грамадзтве, вымагаючы ад яго (ці яе) часам больш, чым ад іншых. Асаблівы высокі грамадзкі статус ёсьць і ў дыпляматаў, нават былых. Такія асобы проста ня маюць маральнага права карыстацца гэтым сваім асаблівым высокім грамадзкім статусам, прымаючы ўдзел у праектах кшталту дубляваньня сумнеўных фільмаў і перакладу лаянкі.

У грамадзтве ёсьць розныя культурныя слаі, вышэйшыя і ніжэйшыя. Нехта слухае Вівальдзі, а нехта глядзіць «Крымінальнае чытво» і рыфмуе «Зянон‑хоп». Але калі асоба рэпрэзэнтуе сябе як прадстаўніка эліты, яна павінна паводзіцца адпаведным чынам з адпаведнай этыкай і эстэтыкай (пра якія так любіць разважаць Пятро Вінцэнтавіч) і не «адцягвацца» час ад часу, маўляў, «мы ж таксама людзі». Пры тым ня важнае паходжаньне чалавека. Калі прагнеш кіраваць грамадой, паводзь сябе як лідэр, ці, прынамсі, спрабуй. Актор Рэйган і тэрмінатар Шварцэнэгер, прыйшоўшы ў палітыку, сталі палітыкамі, назаўжды пакінуўшы ранейшае рамяство.

У сёньняшняй палітычнай сытуацыі ПБНФ гэтай кінаавантурай дала ўладзе чарговы козыр высьмеяць партыю. Прышпільна — Янукевіч і Садоўскі ў «Крымінальным чытве», далібог, я сам усьміхнуўся. Як цікавостка гэта, вядома, прывабна. Але ці будзе хто галасаваць за іх, калі справа дойдзе да сур’ёзнага? Ня ведаю, ці буду я галасаваць за іх, калі наагул гэта самая яркая падзея, якая мне запомнілася з усёй дзейнасьці Партыі БНФ за мінулыя месяцы побач з адмовай ад падтрымкі Мілінкевіча? Сьмех — цудоўная рэч, але адзін толькі сьмех ня ёсьць палітычным капіталам.

Сяргей Богдан, Маладэчна

Аляксей Янукевіч: Фільм не пярэчыць ніякім маім каштоўнасьцям

Намесьнік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч прыняў удзел у дубляваньні на беларускую мову фільму Квэнціна Таранціна «Крымінальнае чытво». Аляксей агучваў байца Бутча, якога ў фільме сыграў Брус Ўіліс. Гэтая акалічнасьць выклікала неадназначны рэзананс. Што пра гэта думае сам Аляксей?

Аляксей Янукевіч тлумачыць сваю пазыцыю ў дубляваньні фільму наступным чынам: «Ад таго моманту, як я ўпершыню паглядзеў фільм, для мяне «Крымінальнае чытво» стала адным зь любімых. Я сам быў ініцыятарам перакладу на беларускую мову менавіта гэтага фільму, а таксама палічыў за вялікі гонар прыняць удзел у яго дубляжы. «Крымінальнае чытво» навучыла мяне лягчэй ставіцца да многіх жыцьцёвых момантаў, а таксама трываць выклікі лёсу. Фільм сам па сабе абсалютна не пярэчыць ніякім маім каштоўнасьцям, не лічу, што гэты момант неяк можа адбіцца на маёй палітычнай кар’еры. Калі ў палітыка ёсьць час і магчымасьць займацца ня толькі ўласна палітычнымі справамі, але таксама ўдзельнічаць у культурных ці нейкіх іншых праектах, то ён мусіць гэта рабіць. Мяне зараз больш абурала б тое, што на беларускай мове выходзіць так мала фільмаў, а ня тое, што Аляксей Янукевіч бярэ ўдзел у іх дубляваньні».

Удзел ў рэкляме мыла не перашкодзіў Рэйгану стаць прэзыдэнтам ЗША

Гэта не адзіны выпадак, калі палітык займаецца агучваньнем фільмаў. Самы яскравы прыклад — калі дацкая каралева агучвала казку Андэрсана. Не магу пагадзіцца і з тымі, хто ставіць знак роўнасьці між фільмам Таранціна і «Зянон‑хопам». Падабаецца нам гэта ці не, але «Крымінальнае чытво» — адзін з самых значных сусьветных фільмаў. Асабіста стаўлюся да «Чытва» без асаблівага піетэту, але згодны, што яно было важным этапам у разьвіцьці кінэматографу. Тое, што сп.Янукевіч агучваў «Крымінальнае чытво» — гэта самастойны выбар палітыка. Што да Рэйгана і Шварцэнэгера, то да таго, як яны прыйшлі ў палітыку, яны гралі і ў адмысловых карцінах. Як, скажам, Шварцэнэгер у «Конане‑барбары». Такая карціна магла б быць ухваленая і ў Трэцім Райху. А Рэйган рэклямаваў мыла, але гэта не перашкодзіла яму стаць прэзыдэнтам ЗША.

Андрэй Расінскі, кінакрытык

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0