Урад Беларусі зацьвердзіў палажэньне аб адзіным дзяржаўным замоўцу па будаўніцтве жылых дамоў для грамадзянаў, якія будуюцца з дзяржпадтрымкай, паведамляе БелТА. Пра нямецкі досьвед пакуль варта забыцца.

Дакумэнт, зацьверджаны пастановай Савета Міністраў за № 224, вызначае асноўныя функцыі, правы і абавязкі адзінага дзяржзамоўцы. Прыняты ён ў мэтах выкананьня ўказу № 676 «Аб некаторых пытаньнях кіраваньня будаўнічай галіной і яе функцыянаваньня» ад 16 лістапада 2006 г.

Функцыі адзінага дзяржзамоўцы будуць выконвацца камунальнымі ўнітарнымі прадпрыемствамі па капітальным будаўніцтве, што ствараюцца ў адпаведнасьці з заканадаўствам і знаходзяцца ў падпарадкаваньні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

Асноўнай задачай гэтых прадпрыемстваў стануць распрацоўка двух‑ і пяцігадовых плянаў фінансаваньня, праектаваньня і будаўніцтва жылых дамоў для грамадзянаў, што будуюцца з дзяржпадтрымкай, з улікам уводу аб’ектаў інжынэрнай і транспартнай інфраструктуры. Новая структура будзе арганізоўваць фінансаваньне, праектаваньне і будаўніцтва аб’ектаў у адпаведнасьці з зацьверджанымі гадавымі прагнозамі (заданьнямі), ажыцьцяўляць нароўні зь іншымі замоўцамі (забудоўшчыкамі) комплексную забудову населеных пунктаў у адпаведнасьці зь іх генплянамі, плянамі дэталёвай пляніроўкі раёнаў забудовы гораду.

Фінансаваньне дзейнасьці і тэхнічнае аснашчэньне ноых прадпрыемстваў будзе праводзіцца за кошт адлічэньняў ад каштарыснай вартасьці ажыцьцяўлёнага імі будаўніцтва.

У Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва лічаць, што стварэньне службы адзінага дзяржзамоўцы дазволіць узмацніць кантроль за рэалізацыяй асноўных рэспубліканскіх будаўнічых праграмаў, расходаваньнем бюджэтных сродкаў - "пры гэтым зьявіцца магчымасьць больш эфэктыўна і апэратыўна вырашаць пытаньні плянаваньня, фінансаваньня, прывязкі тыпавых аб’ектаў, збору тэхнічных умоў, падрыхтоўкі дазвольнай дакумэнтацыі для заказчыкаў".

Варта адзначыць, што на сёньня у Беларусі склалася досыць няпростая сытуацыя ў жыльлёвай сфэры. Асабліва востра гэтае пытаньне стаіць у Менску, дзе, паводле зьвестак Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, на ўліку знаходзяцца 170 тысячаў сем’яў, што маюць патрэбу ў засяленьні. Па выніках мінулага году кватэрамі былі забясьпечаныя каля 12 тысячаў сем’яў, зь якіх палову складаюць сем’і, што атрымалі жыльлё ў парадку чаргі. Калі будаўніцтва сацыяльнага жыльля будзе працягвацца такімі тэмпамі, то чарга на атрыманьне ільготнай кватэры пагражае расьцягнуцца на 30 гадоў. Адным са спосабаў вырашэньня праблемы ў тым жа міністэрстве бачылі выкарыстаньне нямецкага досьведу, які прадугледжаў шырокі ўдзел у будаўніцтве жыльля камэрцыйных структураў. Відавочна, што пакуль нямецкі вопыт вырашэньня жыльлёвых патрэбаў у Беларусі не запатрабаваны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?