Самай скандальнай падзеяй тыдня стаў ад’езд з Мінска паслоў еўрапейскіх дзяржаў у адказ на рэкамендацыю беларускіх уладаў кіраўніку прадстаўніцтва ЕС Майры Моры і паслу Польшчы Лешаку Шарэпку «выехаць у свае сталіцы для кансультацый, каб давесці свайму кіраўніцтву цвёрдую пазіцыю беларускага боку аб непрымальнасці націску і санкцый». Такая мера была прынята ўладамі Беларусі пасля рашэння Савета ЕС ад 27 лютага пашырыць спіс неўязных чыноўнікаў, уключыўшы ў яго яшчэ 21 прозвішча.
Карэспандэнт БелаПАН пацікавіўся ў мінчан, як Беларусі памірыцца з Еўрасаюзам? Вось што яны адказалі:
— Нашай уладзе трэба спыніць паводзіць сябе як поўныя крэціны. Нам трэба ўсвядоміць сябе як паўнацэнную нацыю, краіну з нармальнымі палітыкамі — тады нашы адносіны з Еўрасаюзам нарэшце нармалізуюцца.
— Мы з імі не лаяліся. Яны ўсю гэту кашу заварылі, ім і трэба рабіць захады, каб памірыцца. Мы заўсёды заяўлялі, што гатовы сябраваць з усімі. Ніякіх прэтэнзій у Беларусі ні да адной суседняй краіны няма.
— Любая краіна не можа існаваць без падтрымкі і нармальных палітычных адносінаў з суседнімі краінамі, таму супрацоўнічаць з Еўропай у любым выпадку трэба.
— Памяняць Лукашэнку — і ўсё.