Высылка пасла Польшчы і кіраўніка прадстаўніцтва Еўрасаюза з Мінска і адкліканне ўсіх паслоў краін ЕС з Беларусі пасля гэтага толькі ўзмацняюць і без таго напружаныя адносіны Беларусі і Захаду.Пра гэта, як паведамляе радыёстанцыя «Голас Амерыкі», заявіў намеснік дзяржсакратара ЗША па пытаннях Еўропы і Еўразіі Філіп Гордан на брыфінгу 1 сакавіка ў Вашынгтоне.
«Як вядома, зараз у нас таксама няма свайго прадстаўніка ў Беларусі. Аднак праўда заключаецца ў тым, што такога кшталту дзеянні толькі ўзмацняюць самаізаляцыю Беларусі.
Гэта сітуацыя ніякім чынам не дапаможа простым беларусам. Кіраўніцтва краіны павінна хутчэй задумацца над прычынамі накладання санкцый і візавых абмежаванняў, а не высылаць паслоў, што яшчэ больш узмоцніць ізаляцыю»,— сказаў Гордан.
Ён зазначыў, што ўлады Беларусі цудоўна ведаюць, што ім неабходна зрабіць для паляпшэння сітуацыі.