Актывісту Аб’яднанай грамадзянскай партыі Дзянісу Дзянісаву пагражае да трох гадоў пазбаўленьня волі. Яго вінавацяць у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак. Трэці тыдзень Дзяніс Дзянісаў знаходзіцца за кратамі.

2 сакавіка актывіста Дзяніса Дзянісава ў Віцебскім сьледчым ізалятары наведаў адвакат Пётар Каваленка. Паводле яго, Дзянісу Дзянісаву выставілі абвінавачаньне паводле 342‑га артыкулу:

«Ён абвінавачаны ў арганізацыі дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак і супрацьдзейнічаюць уладзе. Гэта выявілася нібыта ў тым, што яны падрыхтавалі ўлёткі й плякаты й зьбіраліся такім чынам супрацьдзейнічаць».

Паводле адваката, падзеі, якія фігуруюць у справе Дзянісава, адбыліся 18 чэрвеня 2006 году ў Віцебску. Тады група моладзевых актывістаў зь незарэгістраванай арганізацыі «Бунт» спрабавала правесьці апызыцыйную акцыю. Актывісты вывесілі бел‑чырвона‑белы сьцяг.

Крымінальную справу паводле ўдзелу Дзяніса Дзянісава ў гэтым эпізодзе завялі летась у кастрычніку. А затрымалі Дзяніса Дзянісава 16 лютага ў цягніку, які ехаў у Гомель. Спачатку актывіста трымалі ў Гомельскім сьледчым ізалятары, потым перавезьлі ў Віцебскі сьледчы ізалятар №2.

Як паведаміў адвакат Пётар Каваленка, стаўленьне да Дзяніса Дзянісава ў сьледчым ізалятары «нармальнае, на дрэнныя ўмовы ён ня скардзіцца». Адвакат паведаміў, што ягоны падабаронны віны не прызнае. «Будзем дамагацца зьмены ўтрыманьня для Дзяніса», — сказаў адвакат Каваленка. Ён лічыць, што пэрспэктывы ў абароне кліента добрыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?