На мітынгу на Манежнай з вачэй у Пуціна пакаціліся слёзы.

На мітынгу на Манежнай з вачэй у Пуціна пакаціліся слёзы.

Па выніках апрацоўкі 99% пратаколаў Уладзімір Пуцін набірае галасоў 63,82%, перадае РІА «Навіны» афіцыйныя дадзеныя Цэнтрвыбаркама.

У Генадзя Зюганава 17,18%, у Міхаіла Прохараў 7,77%. Уладзімір Жырыноўскі набраў 6,23%, Сяргей Міронаў — 3,84%.

Паводле звестак паралельнага падліку СМС-ЦВК асацыяцыі «Голас», прэм’ер-міністр Уладзімір Пуцін набірае 50,75% галасоў,
гаворыцца на сайце праекту.Гэтыя звесткі складзеныя на аснове звестак з пратаколаў участковых камісій.

Пасля апрацоўкі 1368 пратаколаў, якія назіральнікі дасылаюць у «Голас» з дапамогай мабільных тэлефонаў, Генадзь Зюганаў набірае 19,2%, Міхаіл Прохараў — 16,83%, Уладзімір Жырыноўскі — 6,29%, Сяргей Міронаў — 5,08%.

Паводле вынікаў пракрамлёўскіх экзіт-полаў, Пуцін перамагае ў першым туры, але набірае менш галасоў, чым тое любяць абвяшчаць ягоныя саюзнікі-аўтакраты ў Беларусі і Казахстане.

ВЦІОМ: Пуцін 58%, Зюганаў 18%, Прохараў 9%, Жырыноўскі 8%, Міронаў 5%.
Іншая пракрамлёўская сацыялагічная служба, ФОМ, дае Пуціну 59,3% галасоў выбаршчыкаў.
ФОМ таксама праводзіў свой экзіт-пол. Другое месца, паводле ФОМ, займае лідэр КПРФ Генадзь Зюганаў, які атрымаў 18,2% галасоў. Самавылучэнец-мільярдэр Міхаіл Прохараў займае трэцяе месца з 9,6%, вечны лідар ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі набірае 7,4%, лідар «Справядлівай Расеі» Сяргей Міронаў — 4,3%.
Што цікава, вынікі паралельнага падліку галасоў асацыяцыяй «Голас» даюць Пуціну на 13% менш, чым звесткі ЦВК.
Паводле ЦВК, Пуцін перамог ва ўсіх рэгіёнах Расіі, і толькі ў Маскве трохі не дабраў да 50% галасоў. У астатніх рэгіёнах ён набірае больш за 50%.

Пры гэтым на другое месца выходзіць Зюганаў. У Маскве, Пецярбургу і шэрагу іншых вялікіх гарадоў другое месца займае ліберал Прохараў.

Кіраўнік выбарчага штаба Пуціна, рэжысёр Станіслаў Гаварухін назваў гэтыя выбары «самымі чыстымі» ў гісторыі Расіі.
Сапраўды, улады пайшлі на беспрэцэдэнтныя меры адкрытасці, каб даказаць сумленнасць перамогі Пуціна. На ўчастках паставілі вэб-камеры. Колькасць людзей, якія прагаласавалі датэрмінова, склала каля 1%. (Для параўнання: у Беларусі на выбарах 2006 і 2010 гадоў яна складала 31 і 23%.)

Тым не менш, ёсць шмат фактаў, якія выклікаюць вялікія сумневы. Так, папярэднія вынікі выбараў у Чачні сведчаць аб тым, што ў выбарах ўзялі ўдзел 99,59% выбаршчыкаў. Пры гэтым за Уладзіміра Пуціна прагаласавалі 99,73% выбаршчыкаў. Кіраўнік рэспублікі Рамзан Кадыраў назваў вынікі галасавання лагічнымі і справядлівымі

На Манежнай плошчы каля Крамля ўвечары сабралася каля ста тысяч прыхільнікаў Пуціна.
Пуцін выйшаў на мітынг разам з Мядзведзевым. На вачах у яго былі слёзы, але гаварыў ён са сталлю ў голасе. Ён заявіў, што гэтыя выбары даказалі, што Расіі ніхто не можа навязаць сваёй волі звонку. Пры гэтым ён абвінаваціў сваіх апанентаў у жаданні разваліць Расію. Сваю прамову ён скончыў словамі «Слава Расіі!» Гэта лозунг, аналагічны нашаму «Жыве Беларусь!»

Пазней ён патлумачыў, што слёзы былі сапраўднымі, але «ад ветру».

Вялікі мітынг апазіцыі запланаваны на заўтра.
Ён распачнецца а 19-й вечара на Пушкінскай плошчы. Лідар грамадзянскай апазіцыі Аляксей Навальны заявіў учора, што маніфестацыя будзе цалкам мірнай.
Ні ў кога няма сумневаў, што Пуцін здабудзе сваіх 50 працэнтаў галасоў.
У краіне, дзе тэле- і радыёканалы цалкам кантралююцца ўладай, гэтага лёгка дабіцца.
Аднак гэтыя выбары, у адрозненне ад галасавання 2008 ці 2004 гадоў, маюць сваю інтрыгу.
Выбарам папярэднічалі 100-тысячныя акцыі пратэсту апазіцыі. Яны адновяцца ў панядзелак і будуць доўжыцца цэлы тыдзень.
Які маштаб набудуць паслявыбарныя пратэсты? Як яны будуць развівацца? Які сцэнар на іх падрыхтавалі пуцінскія сілавікі?
Ці паўтораць яны мінскі снежань-2010, ці дазволяць людзям свабоду выказвання?
Менавіта ад гэтага тыдня будзе залежаць траекторыя развіцця Расіі наступныя 6 гадоў.

Шэсць, бо змененая канстытуцыя падоўжыла прэзідэнцкі тэрмін у Расіі.

Паводле ацэнак расійскага сацыёлага Ігара Клямкіна, папулярнасць Пуціна падае і можа цалкам развеяцца ў наступныя гады.

Усё большую вядомасць набывае палітычны лідар новага пакалення — расійскі нацыяналіст Аляксей Навальны.
Гэты блогер з’яднаў вакол сябе правых і левых. Ён вылучыў некалькі тэм, якія аб’ядноўваюць расійскае грамадства: барацьба з карупцыяй, дэмакратызацыя палітычнай сістэмы, еўрапеізацыя дзяржаўных органаў.
Навальны заклікае да маніфестацый з палітычнымі патрабаваннямі. Ён прапануе разбіць у цэнтры Масквы намётавае мястэчка
і пратэставаць да таго часу, пакуль улады не задаволяць патрабаванняў апазіцыі. У прыватнасці, патрабуюць правядзення перавыбараў у Думу і адстаўкі кіраўніка Цэнтрвыбаркама.

Такім чынам, наша ўвага будзе скіравана на Маскву не толькі сёння, 4 сакавіка, але і наступныя дні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?