Без суду і сьледзтва супрацоўнік назваў хлопца экстрэмістам, а сюжэт, дзе гэта меркаваньне было агучана, ужо прайшоў па мясцовым тэлебачаньні студыі «Вектор TV».

На нараду ў гарвыканкам запрасілі і незалежных журналістаў, у прыватнасьці, рэдактара і стваральніка незалежнага сайту «Свабодны рэгіён» Яўгена Парчынскага:

«У кабінэт намесьніка старшыні Вячаслава Дурнова былі запрошаныя галоўны рэдактар "Новай газеты" Аляксандар Папко, дырэктар кабэльнай тэлевізіі «Вэктар» Аляксандар Асенка, карэспандэнт сайту «Ximik. info» Аляксандар Муждабаеў.

Да нас зьвярнуўся супрацоўнік Наваполацкага аддзелу КДБ — менавіта так папрасіў называць яго малады чалавек, які адразу падкрэсьліў, што сутнасьць гэтай сустрэчы заключаецца ў данясеньні да людзей інфармацыі пра дзейнасьць Дзьмітрыя Рыжычэнкі і грамадзкай арганізацыі «Сумленьне-18».

Паводле словаў супрацоўніка КДБ, уся гэтая гісторыя пачынаецца з красавіка 2010 году, калі ў Наваполацку зьявіліся надпісы прафашысцкага зьместу. Супрацоўнік заўважыў, што некаторым фігурантам распачатай з гэтай нагоды крымінальнай справы ўдалося пазьбегнуць перасьледу, бо ў іх «былі сувязі ў высокіх колах». Цяпер пад увагу КДБ трапіў Дзьмітры Рыжычэнка, сын наваполацкай актывісткі Партыі БНФ Вольгі Дамаскінай».

16 лютага ў кватэры, дзе жыве сям’я Дзьмітрыя Рыжычэнкі быў праведзены ператрус. Пасьля яго былі канфіскаваны ноўтбук, сыстэмны блёк кампутара і балёнчык зь белай фарбай — яе набылі, каб зафарбаваць драпіны на пральнай машыне. У пратаколе забраных рэчаў, які сфатаграфавала маці Дзьмітрыя. не была пазначана «флэшка», якая потым «знайшлася» ў КДБ. На ёй аднекуль зьявіліся файлы, якіх першапачаткова не было, і запіс пра канфіскацыю «флэшкі» зьявіўся толькі ў іншым пратаколе, выдадзеным гаспадарам кватэры ўжо праз некалькі дзён, распавяла сайту «Вясны» Вольга Дамаскіна.

Адразу пасьля ператрусу яна зьвярнулася да незалежных журналістаў. А наступным вечарам яе сына Дзьмітрыя Рыжычэнку ў двары ўласнага дому зьбілі невядомыя.

24 лютага, яшчэ да сустрэчы ў Наваполацкім гарвыканкаме, па мясцовым тэлевізійным канале «ВекторTV» навін быў паказаны сюжэт, прысвечаны дзейнасці «ультраправай моладзевай групы». Гледачам не паведамілі, якім чынам да здымачнай групы трапілі зьвесткі пра Дзьмітрыя Рыжычэнку, асобе якога была прысьвечана большая палова відэасюжэту. У ім фігуравалі і фотаздымкі, узятыя з канфіскаванага пры ператрусе кампутара. На некаторых, паводле Дзьмітрыя Рыжычэнкі, зробленых у часе праходжаньня дапрызыўнай падрыхтоўкі, маладыя людзі стаяць са зброяй у руках. У сюжэце згадана таксама, нібыта хлопец просіць палітычнага прытулку ў замежжы, «каб там шырэй прапагандаваць фашыстоўскія ідэі».

Дзьмітры Рыжычэнка гэта катэгарычна абвяргае. Тэлесюжэт «Вектора TV» ён лічыць паклёпніцкім і рыхтуе скаргі на парушэньні яго правоў. Іншыя мясцовыя СМІ атрыманую на нарадзе інфармацыю з КДБ не скарысталі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?