Беларусь пагражала Украіне спыніць пастаўкі яе прадукцыі ў адказ на забарону імпарту малака і свініны з нашай краіны. Аднак у апошні момант адмовілася ад гэтага.

«Былі пагрозы і ўсё. Маўляў, калі вы не адкрыеце нас да панядзелка, то мы закрыем пэўныя віды вашай прадукцыі. Вось вы адкрыйце, а мы потым будзем працаваць, разбірацца. Адкрыйце да панядзелка, альбо іначай у 15 гадзін у панядзелак Беларусь перакрые Украіне пастаўкі алею, солі, шроту, кукурузы і кандытарскіх вырабаў», — расказвае прэс-сакратар Дзяржаўнай ветслужбы Украіны Анатоль Асадчы пра візіт беларускіх калег у Кіеў.

Украінцы з мінулага кастрычніка праводзяць даследаванні і выявілі перавышэнне ўзроўню антыбіётыкаў у малацэ з нашай краіны нават у 4 разы.

«Мы правялі маніторынг, даследаванні. З канца кастрычніка па пачатак сакавіка. І там не сотыя ці дзясятыя долі перавышэння нормы, а ад двух да чатырох разоў».

Але беларусаў гэта не бянтэжыць. Яны нават не захацелі знаёміцца з украінскімі даследаваннямі.

«Ім паказалі дадзеныя даследаванняў, а яны нават не захацелі браць з сабой. Кажуць — у нас добрая прадукцыя. Дык пра што гаворка?».

Адмаўляцца ад забароны на ўвоз беларускай прадукцыі Кіеў не збіраецца. Украінцы наракаюць, што пасля ад’езду беларусаў у суботу ніхто з імі больш не звязваўся.

Прысутнасць вялікай колькасці антыбіётыкаў у беларускім малацэ украінцы тлумачаць жаданнем зарабіць пабольш грошай.

Справа ў тым, што зімой каровы хварэюць і іх лечаць. А пасля лячэння малако такіх кароваў спажываць у ежу нельга. Кіеў лічыць, што Беларусь закрывае на гэта вочы.

«Уявіце, што, напрыклад, 10–20 кароваў і пасля лячэння іх антыбіётыкамі, іх малако потым 2 тыдні нельга перапрацоўваць і аддаваць на прадпрыемствы? Таму не праводзяць даследаванні. А раптам не заўважыць ніхто?»

Сітуацыю з «вучэннямі» ў Нязнанава беларускі бок таксама не растлумачыў. Таму украінская мяжа застаецца закрытай і для свініны. Як далёка зойдзе першая маштабная беларуска-украінская гандлёвая вайна, убачым неўзабаве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?