Выбітны плакатыст,

Уладзімір Крукоўскі яшчэ ў брэжнеўскія часы стварыў класічны вобраз Маці-Беларусі з мячом і старажытнымі гербамі гарадоў на грудзях. Плакат сведчыў, насуперак савецкай ідэалогіі, што гісторыя Беларусі пачалася задоўга да 1917-га.

Крукоўскі быў актыўным удзельнікам мастакоўскай незалежніцкай групы «На Паддашку» ў 1970-80-я. Ён быў сябрам Беларускага народнага фронту з дня заснавання і, без перабольшанняў, забяспечыў мастацкае афармленне беларускай незалежнасці.

Менавіта Крукоўскі разам з Яўгенам Куліком стварыў эталон дзяржаўнага герба «Пагоня» і нацыянальнага сцяга.

Менавіта

ён стварыў у 1990 годзе эскізы талераў з выявамі знакавых дзеячоў беларускай культуры і нацыянальнай сімволікай.

Нельга не згадаць даробак Крукоўскага на ніве вывучэння геральдыкі, гісторыі шляхецкіх родаў Беларусі. Яго грунтоўная кніга на гэтую тэму «Срэбная страла ў чырвоным полі» выйшла летась.

За Лукашэнкам плакаты Крукоўскага, сябра незалежнай мастакоўскай суполкі «Пагоня», неаднаразова здымаліся з выставаў.

Уладзімір Крукоўскі падчас прэзентацыі сваёй кнігі "Срэбная страла ў чырвоным полі". Фота Глеба Лабадзенкі.

Уладзімір Крукоўскі падчас прэзентацыі сваёй кнігі "Срэбная страла ў чырвоным полі". Фота Глеба Лабадзенкі.

«Для мяне Крукоўскі — гэта галоўны мастак беларускага Адраджэння, — сказаў „Нашай Ніве“ Алесь Марачкін.

Беларуская мова, культура, гісторыя — усё гэта ён адстойвае ў сваёй творчасці. Ён мастак-плакатыст, які ўжо ўвайшоў у гісторыю.
Я ўзгадваю ягоным плакат «Што ж мы за людзі?» з растрэсканай «Пагоняй». І гэта для Крукоўскага вельмі прынцыповае пытанне, што ж мы за людзі, што так проста аддаем свае сімвалы.

Але мне цяжка казаць пра Крукоўскага толькі як пра мастака.

Ён і літаратар, і гісторык — нядаўна ён выдаў кнігу пра нашага выдатнага графіка Яўгена Куліка, складзеную з успамінаў блізкіх людзей.

Што тычыцца галоўнай ягонай працы, то гэта для мяне дакладна — праца над эталонам герба «Пагоня» і бел-чырвона-белага сцяга. Я лічу, што гэтая праца куды больш значная за ўсё тое, што рабілі мы, астатнія мастакі.

Я хачу пажадаць Уладзіміру моцы і здароўя, каб ён і далей працягваў працаваь для нас. Канешне, гэта можа гучаць трафарэтна, аднак гэта чыстая праўда».

«Наша Ніва» далучаецца да віншаванняў!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?