Лідэр дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч працягвае паездкі па рэгіёнах. Іх асноўная мэта – у стварэнні руху «За свабоду». Сёння адбыліся ягоныя сустрэчы з актывістамі Браслаўскага, Глыбоцкага, Пастаўскага і Шаркаўшчынскага раёнаў.

— Мы размаўлялі пра яднанне дэмакратычных сілаў Віцебшчыны на каштоўнасцях незалежнасці і еўрапейскага выбару ў рамках руху «За свабоду». Дэмакратычныя актывісты адзінадушна падтрымалі стратэгію руху і ўспрымаюць яго не як стварэнне нейкай новай арганізацыі, а як адзінства ў дзейнасці розных арганізацый і розных людзей, якія падзяляюць нашыя каштоўнасці, — адзначыў Аляксандр Мілінкевіч па выніках сустрэчы.

Кіраўнік Віцебскага абласнога штабу руху «За Свабоду» Хрыстафор Жэляпаў сказаў:

— Сёння лозунг такі – кангрэс, у якім будуць удзельнічаць прыхільнікі незалежнасці, актывісты нацыянальна‑патрыятычных арганізацый адбудзецца 25 Сакавіка, на плошчы Каліноўскага ў Мінску. Гэта будзе наш кангрэс. А той кангрэс, які сёння мяркуецца ладзіць, ён сумнеўны, і мы на гэты кангрэс не ідзём.

Раней Аляксандр Мілінкевіч наведаў Берасцейшчыну і Магілёўшчыну.

milinkevich.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0