Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае зніжаць стаўку рэфінансавання. Такое даручэнне ён даў 6 сакавіка кіраўніку Нацыянальнага банка Надзеі Ермаковай, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Лукашэнка адзначыў, што ў цэлым на фінансавым рынку Беларусі складаецца спакойная сітуацыя. «Зроблены зрухі па стаўцы рэфінансавання. Гэта добра, тэндэнцыя нармальная, і мы пераконваемся ў тым, як мне дакладвае ўрад, што гэта крокі ў правільным напрамку», — заявіў ён.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што «стаўку рэфінансавання трэба паніжаць для таго, каб эканоміка магла атрымаць больш танныя грошы».

«Яны патрэбныя. Нас жыццё ўжо да гэтага падвяло», — заявіў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, пра неабходнасць зніжаць стаўку рэфінансавання для павышэння даступнасці крэдытаў заяўляюць і банкіры, «якія непасрэдна працуюць з рэальным сектарам».

Са свайго боку кіраўнік Нацбанка адзначыла, што зніжэнне стаўкі рэфінансавання адбылося перш за ўсё па прычыне зніжэння інфляцыі. Гэтаму, па словах Ермаковай, у тым ліку спрыяла скарачэнне залішніх грошай у абарачэнні, нармалізацыя сітуацыі на валютным рынку, натуральнае зніжэнне цэнаў на некаторыя тавары.

«Вядома, ёсць адміністрацыйны рэсурс, які стрымлівае кошты. Гэта таксама нармальная сітуацыя, бо кожная краіна рэгулюе тыя ці іншыя цэны, асабліва на сацыяльна значныя тавары ці паслугі», — сказала Ермакова.

Яна адзначыла, што стаўка рэфінансавання павінна заставацца станоўчай у параўнанні з узроўнем інфляцыі.

«Рэзка зніжаць стаўку рэфінансавання мы не будзем», — падкрэсліла кіраўнік Нацбанка.

«Мы пакідаем за сабой права, калі раптам нешта зменіцца ў цэнах або інфляцыі, стаўку рэфінансавання і павысіць. Але сёння сітуацыя складваецца так, што яна рухаецца да паніжэння», — канстатавала Ермакова.

Лукашэнка даручыў кіраўніку Нацбанка і ў далейшым падтрымліваць стабільнае функцыянаванне банкаўскай сістэмы і своечасова рэагаваць на розныя змены і тэндэнцыі ў гэтай сферы, паведамляе прэс-служба.

Закранаючы пытанне інфляцыі, ён адзначыў, што «рынкавая інфляцыя там, дзе цэны залежаць чыста ад попыту і прапановы, мае тэндэнцыю да паніжэння». Паводле слоў Лукашэнкі, неабходна «стабілізавацца на гэтым узроўні і падцягваць да яго даходы насельніцтва, і ў гэтым стаўленні ў нас добрыя тэндэнцыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?