Паводле Аляксандра Мілінкевіча, яму было важна пачуць думку Паўла Севярынца пра ствараемы рух «За свабоду».
Як паведамляе прэс‑служба А. Мілінкевіча, 3 сакавіка палітык наведаў вёску Малое Сітна на Віцебшчыне, дзе адбывае пакараньне абмежаваньнем волі П. Севярынец.
— Павал карыстаецца вялізным аўтарытэтам сярод моладзі, — зазначыў Мілінкевіч, — Ён мужны і адданы Радзіме чалавек.
— Мы заўсёды былі адзінадушныя ў бачаньні будучага нашай Беларусі, — падкрэсьліў экс‑кандыдат на пасаду прэзыдэнта. — І для мяне гэта не толькі маральны абавязак наведаць яго, але і магчымасьць параіцца зь ім, як з адным з маладзёвых лідэраў і патрыётаў Беларусі.
Севярынец адбывае пакараньне зь 15 жніўня 2005 года. Па абвінавачваньні ў арганізацыі акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму, якія адбыліся ў Менску 18 і 19 кастрычніка 2004 года, ён асуджаны да трох гадоў абмежаваньня волі («хіміі»). З улікам амністыі тэрмін скарочаны да двух гадоў. Пакараньне адбывае на лесанарыхтоўках у вёсцы Малое Сітна ў Полацкім раёне.