Моладзь БНФ правяла акцыю з нагоды Дня міліцыі. У 18.00 на чыгуначным вакзале Менску актывісты Моладзі БНФ раздавалі міліцыянтам гвазьдзікі, павязаныя бел‑чырвона‑белымі стужкамі. Звычайныя патрульныя зь неахвотай бралі кветкі, матывуючы гэта тым, што яны ня маюць права браць што‑небудзь пад час нясеньня службы, аднак дзякавалі за віншаваньні і разгублена ўсьміхаліся. Удзельнікі тады вырашылі зайсьці ў пастарунак, змешчаны у памяшканьні вакзалу, і павіншавалі дзяжурных міліцыянтаў, якія ахвотна прынялі кветкі . Апафэозам акцыі стала наведваньне актывістамі Міністэрства ўнутраных спраў і перадача віншавальнага звароту да Ўладзіміра Навумава.

Апошнія кветкі моладзь падаравала ў метро супрацоўнікам міліціі мэтро, якія прынялі іх зь вялікай ахвотай. Акцыя прайшла без затрыманьняў.

Вiншавальны зварот:

Паважаныя супрацоўнікі беларускай міліцыі.

Шчыра віншуем вас з прафесійным сьвятам ад імя моладзі Беларушчыны!

Міліцыя займае самае шанаванае месца ў сістэме дзяржаўнага кіраваньня Рэспублікі Беларусь, і за 90 гадоў свайго існаваньня ніводнага разу не падвяла свой народ і сваю моладзь на шляху захаваньня правапарадку і незалежнасьці.

Жадаем вам і надалей вялікага посьпеху на шляху захаваньня непахіснасьці і недапушчальнасьці папіраньня канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь. Наша міліцыя і мы, грамадзяне нашай магутнай Айчыны, мусім разам бараніць супакой і СВАБОДУ, плюралізм і дэмакратыю, правы чалавека і, астатняе, чаго не хапае на нашай славутай зямлі.

Свабода, незалежнасьць, адраджэньне!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?