Насупраць пагорка, што перад парадам прыведзены ў стан баявога кургана, на трыбуне туліцца гарант канстытуцыі, якога абляпілі: лампасы, народныя масы, паветраныя асы, фізкульт-папуасы. Усе як на шпільках — нават ветрык перад праходам танкаў баіцца падзьмуць неяк не так.

І раптам: хто гэта проста пасярод акта нацыянальнага кучкавання так грацыёзна вынырвае з-пад зямлі, лянотна выпускаючы фантанчык нашага неўрадлівага суглінку? Увесь такі ў чорнай шапачцы і ў блішчастым ныральным касцюме з натуральных матэрыялаў? Хто гэта паблажліва аглядае свет сонечнымі акулярамі гузікаў-вачэй? Як клічуць гэтага андэграўндавага персанажа, які сярод дасканалага смарагду пафарбаванай травы пакідае на пагорку раз, два, пяць, сто чорных воспін непарадку і непрыхаванага выкліку? Хто, халера яго не возьме, гэты кайфаломшчык?

А свята тым часам незваротна сапсаванае: народныя масы замест сузірання параднай велічы захапляюцца карцінным краціным нырцаваннем у дзёран. Паветраныя асы б’юць на паваротах баявыя машыны. А здзеклівая істота прыпускае далей — піруэты, па, нават патройныя сальта. Занураецца, вынырвае, таньчыць брэйк-дэнс, спалучаючы сінхроннае плаванне з фігурным катаннем. Сволач-крот!

Лампасы ліхаманкава аналізуюць краціныя рухі, шукаюць у іх схаваны сэнс. Можа, сволач-крот пазначае іншаземным дэсантнікам прыдатнае месца для прызямлення? Ці злівае касмічным акупантам каардынаты нашай Зямелькі?

Сволач-крот — гэта табе не калабаранцкая мошка, памяркоўны каларадзец або бесхрыбетная тля. Яго не возьмеш голымі апыленнямі. Вынырвае там, дзе не чакалі, дае нырца туды, дзе не зловіш. Нават горшы за кляшча, бо вупыр шматгадовы.

І шырокапрофільны. Ссе ўсё запар: палеткі, працоўны час, нервы, спрадвечны гуманізм нашага народа.

Удых. І падземная цемра прыспаным космасам праносіцца абапал, пакідаючы галактыкі светлякоў далёка ззаду. У глыбіню: праз парваныя кабелі каранёў, цераз пакручастыя тунэлі і бясконцыя галерэі. Паўз спалоханыя позіркі іншых жыхароў падзем’я. І ро-дзяцца мімохадзь дзёрзкія думкі, бліскавічныя пачуцці: нібыта гуляеш са смерцю на яе тэрыторыі і робішся відавочцам таго, як усё-ўсенькае па страваводзе матухны-Зямлі нясецца ўсё бліжэй да немінучай развязкі. А кіпцястыя лапы, не раўнуючы канцавіны птэрадактыля, правяць гэты бліскучы і цьмяны палёт. Нікога не асвятляць, не свяціцца самому, усё пры сабе, сам у сабе, воля.

Выдых. І чорная паласа сканчаецца, рассыпаецца, ды ў непадрыхтаваныя зрэнкі джгаюць тысячы сонцаў, што крышаць раёк і працінаюць мозг калючым болем. Аднак урэшце атрымліваеш тое, дзеля чаго ты і вяртаўся на паверхню, — не мог не вярнуцца: нагбом выпітая шклянка чыстага паветра.

Няма чалавека, які любіць сволач-крата. Нават баба Маня, святая кабета, бабуля з адукацыі і па нараджэнні, якая во і пеўняў літасціва забівае ўдушаючым прыёмам абгорнутага вакол галавы вышытага ручніка, — нават яна, згледзеўшы на гародчыку чарнічную кірпу ў атачэнні земляных камякоў, хапае добра заіржэлы тамагаўк, жвава падскоквае да разрытай норкі і абедзвюма, скурчанымі артрытам і шматвектарнасцю тутэйшай гісторыі рукамі, пляжыць, пляжыць ужо і так сапсаваны дол. «Сволач, сволач, сволач!.."

Ці забіла? Скулля!

У суботу-нядзелю, укленчыўшы, баба Маня засыпае просьбамі нябеснае адміралцейства. У панядзелак яе малітвы пачутыя — на калгасныя нівы прыязджаюць пажарныя машыны і сорак дзён ды сорак начэй МНСнікі ліюць ваду ў бяздонныя шахты, у галавакрутныя лабірынты, што спраектаваў злы марыярці айчыннага падполля.

Вада сыходзіць, і на свет Божы выплываюць дзесяць трупікаў палёвак і пацукоў, пара-тройка — Сямёнавічаў і Францавічаў, нават адна жаба лопнула ад такога напору. І хоць бы адна сво… Стоп-стоп, а што гэта чарнее на траве побач? Шкада: гэта толькі яго чорная шапачка і сонечныя акуляры. Такі пазбегнуў праведнай адплаты: растаў, як цукар, сволач-крот, сплыў, уцёк, змыўся на іншы ўзровень.

Што сядзіць у мазгу гэтага пякельнага выпаўзня:

якая мудрагелістая машына,

якая макабрычная агрэгаціна?

Хто кіруе гэтымі неўтайма-ванымі нічым паводзінамі?

Хто грае на генным аргане гэнага арганізма гэтакія пачварныя гімны?

Ад шматлікіх пытанняў у дыктатара торгаецца шчака ды з напругі страляюць коркі генералісімаўскіх эпалетаў. А баба Маня па-простаму, па-рабочасялянску, трапляе з інсультам у рэанімацыю.

Карэспандэнт: А зараз дамо слова кіраўніку службы аховы і па сумяшчальніцтве ўнуку бабы Мані. Таварыш службіст-унук, як вам удалося схапіць падземнага монстра?

Кіраўнік службы аховы: На тры-пятнаццаць… І, што характэрна, на допыце ўсіх запрадаў, сволач: яўкі, паролі, рыбныя месцы. Нават родны хвост.

Кар.: Што інкрымінуецца гэтаму запраданцу?

КСА: Вынаходства гіены вогненнай, разбурэнне Пампеі, канструяванне калодзежа і ківача, усе забойствы на вуліцы Морг. І яшчэ запішыце: баскервільскі сабака скончыў сваю спрынтарскую кар’еру ў грымпенскай дрыгве дзякуючы зламысна спланаванаму дзеянню (ці бяздзеянню) гэтай сволачы-крата.

Кар.: Запішам. Дык, дарэчы, дзе цяпер гэты чорны капач, хай тройчы будзе праклята ягонае імя? У кампетэнтных сутарэннях?

КСА: Не зусім там. Як бы гэта вам сказаць, каб нічога не сказаць… Ну, вы ж разумееце… Ён на іншым узроўні… У іншых вымярэннях… І ў дадатак ніхто з нашых пацаноў не разумее па-крацінаму… Допыт мы яму рабілі так бы мовіць… э-э, невербальна… э-э, дыстанцыйна… Наўслеп ідучы па лабірынтах крацінага мозга… Дэдуктыўную фантазію і крыміналісцкі вымысел ставілі ў галаву следства. Адным словам, мы патушылі ў канторы святло, запалілі свечку, усёй аператыўнай групай селі ў кола, узяліся за рукі і дапыталі ягоны дух…

Вось жа: падагнаўшы бабе Мані ў бальніцу апельсіны, а дыктатару ў рэзідэнцыю — невялічкае радовішча нафты, у жоўтай шапачцы лідара, у брыльянтавых sunglasses ад Армані, сволач-крот па Леце няспешна сплаўляецца ў бок цэнтра зямлі. Без натугі той цэнтр мінае — і вунь дзе ён: злавесным антыподам набліжаецца да Аўстраліі. Трохі запыняецца на зямной паверхні і расце. Сволач-крот увышкі з ранча, шматпавярховік, сіднейскую тэлевежу. Дамарослым кінг-конгам паглядае на ўсіх нас зверху ўніз. І толькі тады стартуе ў неба: як тузік грэлку рве зямное прыцягненне, распроствае лапакрылы і самавітымі ўзмахамі кіруе да зор, каб прасвідраваць у космасе дасканала чорную дзірку, якая ўсіх нас і накрые.

* * *

Павел Касцюкевіч — празаік, перакладчык сучаснай ізраільскай і амерыканскай прозы. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Гедройца. Нарадзіўся ў 1979 у Мінску. Вучыўся на псіхолага ў Тэль-Авіве. Аўтар зборніка апавяданняў «Душпастырскія спатканні для дачнікаў» (2008, серыя «Кнігарня «Наша Ніва»), «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2011). Працуе арт-дырэктарам кнігарні «логвінаЎ». Жыве ў Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?