ДАРЫЦЕ ЎСМЕШКІ

Першае, што помніцца, — маці…

Яна нахіляецца нада мной, за ёю — праз вокны — сонца, залатыя валасы казычуць шчаку, шчабеча рук яе радасць ластаўчыная: «Хлопчык мой…»

Светла. Святочна і далёка.

За ўсё — і найперш за тое, што жывём, скажам дзякуй нашым матулям. Разам з кветкамі падорым ім нашу самую светлую, самую радасную ўсмешку… Яны памятаюць яе дзіцячай. Ніхто не жадае бачыць нас шчаслівымі так, як яны.

Падараваўшы свет, жанчыны дораць нам каханне. Каб мы зведалі, дзеля чаго і навошта існуем, адкрылі самае патаемнае ў жыцці, зразумелі яго найвялікшы сэнс. І хоць у параўнанні з гэткімі дарамі ўсе нашы падарункі мала чаго вартыя, разам з кветкамі падорым сваім любым усмешку першых сустрэч… Яны памятаюць яе закаханай. Без гэтай усмешкі ўсе нашы дні былі б тлумнымі, усе перамогі — марнымі.

Знайшла на ростанях сусвету
Мая душа
Тваю душу…
Я не прашу кахаць за гэта.
Я літасці тваёй прашу.

Нарэшце, падараваўшы жыццё і каханне, жанчыны дораць нам дзяцей. І мы становімся бессмяротнымі, да нас прыходзіць пачуццё бясконцасці лёсу, векавечнасці ягонага кругазвароту.

Такія падарункі могуць рабіць хіба што багіні… І за гэта анічога не патрабуюць яны, акрамя ўсмешкі.

Падорым ім яе. Яна не здасца ім лішняй.

Рабіце ўсё, каб жанчыны ўсміхаліся… Бо ўсміхнулася Джаконда — і з’явіўся Леанарда да Вінчы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?