Днямі глядзеў па тэлеканале VH1 перадачу Казачнае жыцьцё зорных улюбёнцаў. Перадача была прысьвечаная хатнім жывёлам сусьветных зорак. Аказваецца, многія знакамітасьці так любяць «братоў сваіх меншых», што выдаткуюць на іхнае ўтрыманьне й зьнешні выгляд немалыя грошы. Напрыклад, торбачка для сабакі Джэсыкі Сымпсан каштуе 1.400 даляраў. У будцы за 15.000 зялёных, падобнай на міжземнаморскую вілу, жывуць сабакі Рэйчэл Хантэр. А вось Брытні Сьпірс начапіла на свайго дварнягу Біт Біта дыямантавы ашыйнік за 100.000. І ўсё ж, самым забясьпечаным сабакам зьяўляецца Барні – тэр’ер прэзыдэнта Злучаных Штатаў.

Гледзячы кадры пра тое, як сабачкам робяць масаж, водзяць іх у адмысловыя басэйны, прымушаюць займацца фітнэсам і транспартуюць самалётамі першым клясам, я падумаў, а што б сказалі на гэта беларускія прапагандысты, якія так любяць кпіць з багацеяў? Напэўна, нічога добрага.

А вось аўтары перадачы папулярнага тэлеканала распавядалі пра жыцьцё зорных жывёлаў, нібы так яно й мае быць.

І сапраўды, чаму мультымільянэрка Парыс Хілтан ня можа падарыць уласнай чыхуахуа кашэміравы швэдар, аздоблены пярлінамі, ці яшчэ нейкую модную рэч? Падаткі ж з тых мільёнаў заплочаныя – і мадэльцы радасьць, і людзям карысьць.

Таму хай Граждан ня крыўдзіць Сабаку, а лепш зоймецца ўласнай краінай. Бо на фоне Казачнага жыцьця й іншых перадачаў тэлеканала VH1 дабрабыт беларускіх зорак выглядае даволі сумнеўна. Што ўжо казаць пра людзей, якія свае апошнія зоркі схапілі ў 1945‑ым...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?