21 лютага на 72-м годзе жыцьця памёр народны паэт Чувашыі Генадзь Айгі. Ляўрэат шматлікіх літаратурных прэміяў, Камандор Ордэну мастацтваў і літаратуры Францыі. Аўтар анталёгіяў францускай, польскай і вугорскай паэзіі на чуваскай мове. У 1958 г. Айгі быў выключаны зь літынстытуту за выданьне кнігі, якая падрывае "асновы мэтаду сацыялістычнага рэалізму". Доўгі час вершы Генадзя Айгі друкаваліся выключна за мяжою, найперш у Францыі і Нямеччыне.

З Генадзем Айгі я пазнаёміўся ў 1997 г. на літаратурным фэсьце ў Самары. Ён тады ўразіў мяне сваёй дзіўнай паэзіяй, эўрапейскім сьветаглядам і вытанчанаю культурай. Выглядаў паэт на мудрага правадніка тайгі - правадніка ў невядомае і таямнічае. Нейкі час мы ліставаліся. Паэт дасылаў свае новыя кнігі. У 2001 г. у альманаху "Калосьсе" была надрукавана нізка вершаў Генадзя Айгі ў перакладзе Андрэя Хадановіча.

Адна з апошніх кніг Айгі называлася "Паклон - сьпеву". Як рытуал. Зь песьняю на вуснах разьвітаўся з жыцьцём адзін з самых вядомых у Эўропе паэт шматнацыянальнай Расеі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?