На сесіі Еўрапейскага парламента, якая пачнецца 12 сакавіка ў Страсбургу, пытанне дыпламатычнага канфлікту паміж ЕС і Беларуссю абмяркоўвацца не будзе. Пра гэта паведаміў віцэ-спікер Еўрапарламента Яцэк Пратасевіч.

«Мы спецыяльна вырашылі рэзалюцыю па Беларусі ўхваліць праз два тыдні, падчас сесіі ў Бруселі. Афіцыйна можна пачуць, што праграма сесіі Еўрапарламента ўжо і так была занадта напружаная. Аднак апошнім часам мелі месца беспрэцэдэнтныя ў еўрапейскай гісторыі апошніх гадоў падзеі», — сказаў Пратасевіч у інтэрв’ю «Радыё Свабода».

Віцэ-спікер Еўрапарламента зазначыў, што канфлікт паміж Беларуссю і Еўрасаюзам настолькі абвастрыўся, што «

зараз застаецца толькі адзін крок да фактычнага разрыву дыпадносінаў — папрасіць беларускіх паслоў у краінах ЕС выехаць на кансультацыі
і такім чынам абмежаваць дыпадносіны да такога ўзроўню, які зараз існуе паміж Мінскам і Вашынгтонам».

«Гэтага нельга выключаць, але мы вырашылі даць час на роздум, перш за ўсё Мінску, бо гэта Мінск усё пачаў. Можа, за гэтыя два тыдні надыдзе працверажэнне.

Мы не хочам ізаляваць Беларусь, але хочам дамагчыся ад Мінска таго, што для нас мае асаблівае значэнне — на сёння гэта перш за ўсё вызваленне палітзняволеных», —
сказаў Пратасевіч.

27 лютага Савет міністраў замежных спраў краін ЕС прыняў рашэнне пашырыць спіс неўязных у краіны Еўрасаюза прадстаўнікоў беларускай дзяржавы, уключыўшы ў яго яшчэ 21 прозвішча. 28 лютага беларускія ўлады рэкамендавалі кіраўніку прадстаўніцтва Еўрасаюза Майры Моры і паслу Польшчы Лешаку Шарэпку «выехаць у свае сталіцы для кансультацый, каб давесці свайму кіраўніцтву цвёрдую пазіцыю беларускага боку аб непрымальнасці націску і санкцый». У адказ на гэта ўсе краіны ЕС адклікалі сваіх паслоў з Мінска.

Лідары краін Еўрасаюза 2 сакавіка на саміце ў Бруселі заклікалі Савет ЕС прыняць «далейшыя меры» ў дачыненні да Беларусі. Удзельнікі саміта выказалі «сур’ёзную і глыбокую занепакоенасць пагаршэннем сітуацыі» ў краіне.

Яны таксама віталі рашэнне Савета ЕС пашырыць спіс асоб, якія падпадаюць пад візавыя і эканамічныя санкцыі, за кошт тых, хто адказны за парушэнні правоў чалавека, рэпрэсіі ў дачыненні да апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, а таксама «падтрымліваюць ці з’яўляюцца бенефіцыярамі рэжыму Лукашэнкі».

У выніковым дакуменце саміта ўтрымліваецца заклік да Савета ЕС прадоўжыць працаваць у гэтым кірунку.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?