На фота -- урачыстасці ў Вільні з нагоды Дня аднаўлення незалежнасці, ru.delfi.lt

На фота -- урачыстасці ў Вільні з нагоды Дня аднаўлення незалежнасці, ru.delfi.lt

Як паведаміў Радыё Свабода сам праваабаронца, разам з жонкай і двума дзецьмі ён па асабістых справах накіроўваўся ў Вільню.

На пункце пропуску беларуска-літоўскай мяжы «Каменны Лог», адкуль на гэтым тыдні давялося вяртацца дадому і іншым апазіцыянерам, яму сказалі, што выезд за мяжу для яго забаронены, – маўляў, ягонае прозвішча значыцца ў базе звестак невыязных грамадзянаў.
Пры гэтым зазначылі, што на сямейнікаў Стэфановіча такая забарона не распаўсюджваецца.

Прычыну абмежаваньня права на выезд Валянціну Стэфановічу памежнікі не ўдакладнілі, параіўшы звяртацца ў аддзел міграцыі і грамадзянства на месцы жыхарства. Прыблізна тое ж дагэтуль казалі палітыкам Анатолю Лябедзьку, Сяргею Калякіну, Віктару Карняенку.

Праваабаронца перакананы, што ніякіх законных падставаў абмежавання яго выезду з Беларусі ў праваахоўных структураў няма – штраф за нібыта ўтойванне прыбыткаў ад праваабарончай дзейнасьці ім выплачаны ў поўным аб'ёме. Тым ня меней, Валянцін Стэфановіч вымушаны быў вярнуцца ў Мінск.

* * *

Нагадаем, што апошнім часам пры перасячэнні беларускай мяжы ўзнікла шмат праблем у шэрагу беларускіх грамадскіх дзеячоў.

Так, 7 сакавіка на памежным пераходзе «Каменны Лог» не пусцілі ў Літву лідара АГП Анатоля Лябедзьку, Аляксандра Дабравольскага знялі вечарам з цягніка. Праблемы з вяртаннем з Літвы ўзніклі ў жонкі А. Лябедзькі Святланы, яе некалькі гадзін пратрымалі на мяжы.

10 сакавіка на «Каменным Логу» затрымалі і не пусцілі ў Літву грамадскага дзеяча Віктара Карняенку і лідара партыі «Справядлівы свет» Сяргея Калякіна, сказаўшы, што ім забаронены выезд з Беларусі. Праўда, потым Лябедзька, Калякін і Карняенка трапілі ў Літву іншым спосабам.

Наадварот пры ўездзе ў Беларусь узніклі праблемы ў Мікіты і Алены Ліхавідаў. Іх аўтамабіль і іх саміх шэсць гадзін трэслі на мяжы.

У грамадстве ходзяць чуткі пра наяўнасць чорнага спісу са 108 грамадскіх дзеячаў і праавабаронцаў, якім улады забароняць выезд за мяжу ў адказ на санкцыі ЕС. МЗС такія чуткі абвяргае.

***

11 сакавіка ў Літве адзначаюць 22 угодкі аднаўлення незалежнасці. Да ўдзелу запрошаныя прадстаўнікі беларускай апазіцыі.

Нягледзячы на спробы супрацоўнікаў ДПК заблакаваць выезд з Беларусі для апанентаў рэжыму, усе апазіцыйныя палітыкі, запрошаныя ў літоўскую сталіцу, туды ўсё ж трапілі.

Як паведамляе сайт Аб’яднанай грамадзянскай партыі, лідар гэтай партыі Анатоль Лябедзька, кіраўнік партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін і каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка, раней спыненыя на беларуска-літоўскай мяжы і развернутыя назад, знайшлі магчымасць патрапіць на тэрыторыю ЕС, абышоўшы рэжымныя кардоны. Вось што сказаў Анатоль Лябедзька:

— Наш выезд — гэта форма пратэсту і аднаўлення дзеяньняў нормаў Канстытуцыі датычна свайго права на свабоднае перамяшчэнне. Спіс палітычных невыязных — гэта антыканстытуцыйнае рашэньне ўладаў РБ.

На думку спадара Лябедзькі, улады праводзяць тактыку кропкавага абмежавання на выезд для апазіцыйных актывістаў, паколькі беларуска-літоўскую мяжу бесперашкодна перасеклі кіраўнікі Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і Рыгор Кастусёў, прадстаўнікі руху «За Свабоду!» Юрась Губарэвіч і Аляксей Кавалец. Магчыма, робіць выснову лідар АГП, такім чынам улада імкнецца ўбіць клін ў апазіцыю: маўляў, адным на мяжы — зялёнае святло, іншым — чырвонае, паведамляе Радыё Свабода.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?