Кампанія LatRosTrans, якая ўваходзіць у канцэрн холдынгу Ventspils nafta (VN), у снежні 2011 году прадала выпампаваны з нафтаправоду Полацк -- Вентспілс тэхналагічную нафту за 15 млн латаў.

"У снежні мінулага годуа мы прадалі 40 тыс. тонаў [буфернай нафты] за 15 млн. латаў, паколькі яна не была арыштаваная, і нам не было забаронена распараджацца ёю. Каб знізіць выдаткі гэтага праекту і скарыстацца вельмі прывабным коштам, мы як добрыя гаспадары вырашылі замяніць гэты актыў грашовай сумай, якая цяпер - на нашым рахунку. У сваю чаргу, выдаткі на продаж, створаныя выпампоўваннем нафты з трубаправоду, ачыстка і кансервацыя трубаправоду, складаюць 8 млн. латаў ", - паведаміў у апублікаваным у пятніцу інтэрв'ю газеце Dienas Bizness член праўлення LaRosTrans Ігар Сцяпанаў.

Каментуючы прынятае Вярхоўным судом Латвіі 7 сакавіка рашэнне, якім часткова задаволеная просьба LatRosTrans адмяніць забеспячэнне іску ў судовай цяжбе з беларускім прадпрыемствам "Полацктранснафта Дружба" ("Дружба"), Сцяпанаў адзначыў, што суд адмяніў для LatRosTrans забарону ажыццяўляць дзеянні з адпампоўкай і перамяшчэннем тэхналагічнай нафты, але ён дапускае, што нейкія абмежаванні будуць. "Аднак няма ніякіх абмежаванняў распараджацца трубаправодам і вырашаць, ці застанецца нафта там, ці будзе перамешчаная ў іншае месца", - адзначыў ён.

Паводле яго словаў, рашэнне аб тым, што 40 тыс. тонаў выпампаванай нафты не закладзеныя, было прынята яшчэ ў сакавіку 2011 года, калі суд адхіліў просьбу беларускага прадпрыемства арыштаваць рэзервуар, у якім яна знаходзілася. У беларускага прадпрыемства не было прэтэнзій у сувязі з продажам выпампаванай нафты, сказаў Сцяпанаў: "Яны некалькі разоў падчас судовага працэсу паказалі, што ў іх няма і не будзе прэтэнзій з нагоды гэтай нафты".

Як ужо паведамлялася, 7 сакавіка Вярхоўны суд (ВС) Латвіі вырашыў не адмяняць рашэнне Даўгаўпілскага (Daugavpils) суду аб забеспячэнні іску на тыя 110 тыс. тонаў тэхналагічнай нафты, што знаходзяцца ў латвійскім участку магістральнага трубаправоду Полацк - Вентспілс.

Гэтая нафта была апісаная ў сувязі з судовай цяжбай паміж беларускім прадпрыемствам "Полацктранснафта Дружба" ("Дружба") і латвійска-расейскім СП LatRosTrans.

У той жа час ВС задаволіў просьбу LatRosTrans адмяніць вопіс 40,2 тыс. тоны нафты, выпампаванай з трубаправоду.

Кампанія LatRosTrans (LRT) 25 лістапада 2010 году пачала адпампоўку ў рэзервуар нафты, якая знаходзіцца ў прыналежным ёй магістральным нафтаправодзе Полацк - Вентспілс, які перасякае тэрыторыю Латвіі.

Даўгаўпілскі суд у сувязі з іскам, пададзеным наваполацкім прадпрыемствам "Дружба" да LRT аб прызнанні правоў уласнасці на тэхналагічную нафту, вырашыў накласці забарону на выкарыстанне рухомай маёмасці, у тым ліку апісаць тэхналагічную нафту, якая знаходзіцца ў трубаправодзе Полацк - Вентспілс, забараніць кампаніі LRT і звязаным з ёю асобам адпампоўваць нафту, а таксама запатрабаваў забяспечыць іск 150 218 тонамі буфернай нафты.

У снежні мінулага года LRТ абскардзіла рашэнне Даўгаўпілскага суда.

15 верасня 2011 г. ён вырашыў перадаць іск "Дружбы" ў Латгальскі акруговы суд, паколькі беларускае прадпрыемства змяніла прадмет пазову.

9 снежня 2011 года Латгальскі акруговы суд цалкам адхіліў пазоў "Дружбы" да LatRosTrans аб прызнанні маёмасных правоў на тэхналагічную нафту, якая знаходзіцца ў магістральным трубаправодзе, што праходзіць па латвійскай тэрыторыі, але гэты прысуд абскарджаны і пакуль не ўступіў у сілу, паведамляе DELFI.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?