Сёньня ў Брусэлі на паседжаньні Генэральнай рады міністраў Эўрапейскага Зьвязу на чале з кіраўніком МЗС Нямеччыны Штайнмаерам адбылося галасаваньне ў пытаньні захаваньня санкцыяў ў адносінах да Беларусі. Вырашана працягнуць санкцыі. Днямі адпаведны праект пастановы падтрымалі 27 акрэдытаваных у Брусэлі афіцыйных прадстаўнікоў краінаў Эўразьвязу. Згодна з гэтым дакумэнтам, санкцыі супраць 34 адказных беларускіх чыноўнікаў на чале з Аляксандрам Лукашэнкам захаваюцца цягам найбліжэйшых 12 месяцаў. Размова ідзе пра далейшую блякаду банкаўскіх рахункаў і забарону на ўезд у краіны Эўрапейскага Зьвязу.

Напярэдадні ў Бэрліне ў часе сустрэчы прадстаўнікоў парлямэнцкіх камісіяў па міжнародных справах краінаў Эўразьвязу кіраўнік МЗС Нямеччыны Франк‑Вальтэр Штайнмаер заявіў, што ў мэтах будаўніцтва дэмакратыі ў Беларусі «ёсьць імкненьне актывізаваць дзейнасьць няўрадавых арганізацыяў і розных фондаў зь беларускай грамадзкасьцю».

Кіраўнік нямецкага замежнапалітычнага ведамства таксама паведаміў, што ў Менск будзе накіраваная дэлегацыя зь Нямеччыны, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе.

Што да сёньняшняга паседжаньня ў Брусэлі, то многія назіральнікі мяркуюць: Рада міністраў Эўразьвязу без усякіх агаворак пагодзіцца з папярэднім рашэньнем сваіх сталых прадстаўнікоў пры Эўракамісіі.

У размове з «Радыё Свабода» сябра камісіі па міжнародных справах Бундэстагу, а таксама прадстаўніца Нямеччыны ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы і Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Марылюіза Бэк сказала, што «ініцыяваны працяг санкцыяў – гэта звычайная нармальная працэдура, і ініцыятыва хутчэй за ўсё будзе ўхваленая».

«Пасьля інтэрвію спадара Лукашэнкі нямецкай «Die Welt» усе мы зь вялікай цікавасьцю назіраем за тым, што адбываецца ў Беларусі, ці вядзе беларускі кіраўнік сваю краіну ў бок Швэцыі і Нямеччыны, як ён абяцаў, альбо гэтыя заявы маюць толькі вэрбальны характар. Санкцыі могуць быць спыненыя ці аслабленыя толькі пры наяўнасьці рэальных адпаведных крокаў з боку беларускага кіраўніцтва», – сказала Марылюіза Бэк.

Паводле эўрапейскіх палітыкаў, афіцыйны Менск так і ня выканаў большасьці патрабаваньняў Эўразьвязу. Размова перадусім ідзе пра вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў, а таксама пра доступ грамадзянаў краіны да незалежных СМІ, павагу правоў няўрадавых арганізацыяў і незалежных прафсаюзаў, нацыянальных меншасьцяў, спыненьне ўмяшаньня ўладаў у бізнэс, правядзеньне свабодных і адкрытых выбараў.

Прадстаўніца Вярхоўнага эўракамісара Хавіера Саляны Хэльга Шмід перакананая:

«Далейшы курс беларускай палітыкі Эўразьвязу будзе залежаць ад зьменаў сытуацыі ў самой Беларусі. Немагчыма гаварыць пра сур’ёзны дыялёг і супрацоўніцтва, калі базісныя каштоўнасьці не падзяляюцца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?