4 сакавіка пасьля цяжкае і працяглае хваробы пайшоў з жыцьця Рыгор Вячорка. Ён быў з тых людзей, пра якіх кажуць, што жыцьцё адбылося, калі чалавек пабудаваў дом і нарадзіў сына.

Рыгор Вячорка нарадзіўся 27 лютага 1934 году ў вёсцы Мярлін на Століншчыне. Пасьля Пінскага фінансавага тэхнікуму й эканамічнага факультэту Маскоўскага дзяржунівэрсытэту працаваў па спэцыяльнасьці на розных урадавых пасадах.

Знаны паэт і грамадзкі дзеяч Генадзь Бураўкін запомніў яго як эканамічнага дарадцу першага сакратара ЦК КПБ Пятра Машэрава. Сам Бураўкін быў тады старшынём Дзяржтэлерадыё.

«Гэта быў вельмі спакойны, ураўнаважаны, інтэлігентны разумны чалавек. Ён ніколі не навязваў сваёй думкі. Калі мы трошкі бліжэй пазнаёміліся, я ўбачыў, што гэта чалавек усьмешлівы, з добрым адчуваньнем гумару.

Ну а пазьней, калі ўжо вакол ягонага сына Вінцука пачаліся ўсялякія справы, то зноў жа мне было прыемна, што тут не было такой бацькоўскай безагляднай любові бяздумнай, і ў той жа час была вялікая павага да таго, што сын мае ў нейкіх пазыцыях — ну, відаць, ня той погляд, які меў Рыгор Мікалаевіч.

Таму ў маім сёньняшнім уяўленьні ён паўстае чалавекам вельмі годным — і ў той жа час тым, што, можа быць, у жыцьці ён і не пасьпеў усяго выказаць», — апавёў Генадзь Бураўкін.

Блізкія і родныя Рыгора Вячоркі лічаць, што менавіта погляды й справы ягонага сына лідэра Партыі БНФ Вінцука Вячоркі спрычыніліся да таго, што ягоны высокі прафэсіяналізм у апошнія гады ня быў запатрабаваны. Але сваякі і ўдзячныя яму за прынцыповасьць. Гаворыць унук Франак:

«Мой дзед быў, напэўна, самы шчыры, самы сумленны, самы адказны чалавек, якога я ведаў, які ўвогуле калі‑небудзь мог існаваць. Ён ніколі‑ніколі ні перад кім не прыніжаўся, ніколі не выконваў тупых загадаў, а ўвесь час рабіў так, як падказвала сумленьне. Я ганаруся сваім дзедам, ганаруся тым, што ён выхаваў майго бацьку, а бацька выхаваў мяне. Але, калі шчыра, дзед мяне выхаваў».

Рыгор Вячорка будзе пахаваны 6 сакавіка на Ўсходніх могілках Менску. У яго засталіся двое дзяцей, чацьвёра ўнукаў і адзін праўнук.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?