У Нацбанку сёння была прэзентаваная новая, 200-тысячная банкнота.
Яна будзе эквівалентная $25.

Каб пазбегнуць падробак, інфармацыя пра тое, што будзе намалявана на грошах, захоўвалася ў таямніцы. Сярод «фаварытаў» называліся будынкі «Мінск-Арэны» і новай Нацыянальнай бібліятэкі.

Аказалася, на грошах будзе намаляваны Магілёўскі мастацкі музей Масленікава.
На адваротным баку — архітэктурныя элементы будынку.
Купюра будзе зялёна-шэрай.

Нагадаем, на папярэдніх банкнотах з’яўляліся Нясвіжскі і Мірскі замкі, палац Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі, панарама Віцебска, мінскія Палац спорту, Нацыянальны мастацкі музей, Палац прафсаюзаў, Тэатр оперы і балета, Нацыянальны банк, стары будынак бібліятэкі і Брэсцкая крэпасць. На карцінках з’яўляліся аб’екты ўсіх абласцей, апроч Магілёўскай. Нацбанк вырашыў кіравацца прынцыпам геаграфічнай справядлівасці.

Блогер Антон Каберац нагадвае, што менавіта з гэтага будынка прапала нацыянальная рэліквія — крыж Ефрасінні Полацкай.

Цікава, што на адваротным баку банкноты размешчаны невялічкі герб Магілёва. Як вядома, на ім ёсць і зусім маленечкая выява «Пагоні».

Вось такім незвычайным чынам нацыянальны герб вярнуўся на грошы.

Дэвальвацыя рубля ў 2009 і 2011 гадах зрабіла беларускія грошы аднымі з самых танных у свеце.
За даляр на сёння трэба выкласці каля 8200, а за еўра — каля 10700 рублёў. Кіраўніцтва Беларусі ўжо доўгі час трымаецца эканамічнай палітыкі інфляцыйнага росту.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0