Каля паўсотні грамадскіх арганізацый і ініцыятываў звярнуліся да міністра замежных спраў Літвы Аўдронюса Ажубаліса з заклікам рабіць рашучыя захады па выцягванні беларускага народа з «візавай ізаляцыі». Беларусы просяць выдаваць нашым суграмадзянам шматразовыя, ў тым ліку пяцігадовыя візы.

Зварот ініцыявала грамадзянская кааліцыя «У Беларусь і Еўропу — Без візы!», у якую ўваходзіць шэраг уплывовых грамадскіх арганізацый, у тым ліку Рух «За Свабоду».

У лісце на імя Аўдронюса Ажубаліса беларускія актывісты нагадваюць, што Літва не раз у прыязным тоне выказвалася аб адкрытасці для беларускага грамадства, аднак бракуе практычных крокаў для таго, каб зносіны паміж людзьмі ў Беларусі і Еўрасаюзе былі ўзнятыя на якасна новы ўзровень. У прыватнасці, грамадзянская супольнасць заклікае спрасціць выдачу шматразовых візаў беларускім грамадзянам у мэтах узмацнення сувязяў ва ўсіх галінах — сямейных, дзелавых, культурніцкіх, грамадскіх і г.д.

Калі беларусы атрымаюць магчымасць афармляць шматразовыя візы не на паўгады або год, а на пяць гадоў, як тое дазваляе Візавы кодэкс ЕС, зменшыцца нагрузка на літоўскія міграцыйныя службы і консульскія ўстановы. Вялікая занятасць гэтых структур і пастаянныя чэргі з’яўляюцца прадметам няспынных скаргаў, значаецца ў звароце.

Прадстаўнікі грамадскасці падкрэсліваюць, што чым болей сувязяў будзе існаваць паміж Беларуссю і ЕС на ўзроўні міжчалавечых кантактаў, тым болей краіна будзе набліжацца да Еўропы і дэмакратыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?