Адзін з самых заможных людзей Беларусі — бізнэсовец Уладзімір Пефціеў — на ўскрайку вёскі Раўбічы пад Мінскам будуе дом у стылі хай-тэк. Пакуль надвор’е не спрыяе давядзенню да ладу вонкавай «каробкі», гмах аздабляюць усярэдзіне.

Дом Уладзіміра Пефціева ў Раўбічах пад Менскам. За шкляной сцяной – басейн.

Дом Уладзіміра Пефціева ў Раўбічах пад Менскам. За шкляной сцяной – басейн.

Выгляд з тылу: вялікая тэрыторыя яшчэ не асвоеная.

Выгляд з тылу: вялікая тэрыторыя яшчэ не асвоеная.

Архітэктурныя імправізацыі: мадэрновы дом і класічнае шале.

Архітэктурныя імправізацыі: мадэрновы дом і класічнае шале.

Ужо на пад’ездзе да вялікага аб’екту, вітражы якога праглядаюцца скрозь рэдкі лясок, заўважна, што будоўлі прысвоены прэміум-клас.

А 10-й раніцы да пляцоўкі пачынаюць падцягвацца шматлікія кантралёры з міністэрскага выгляду тэчкамі. Яны супастаўляюць зробленае з намаляваным на паперы.
Калі да нядаўняга часу планёркі ладзіліся двойчы на тыдзень, то цяпер інспекцыі практычна штодня.
Прыёмкай займаецца найперш архітэктар, выпісаная з Латвіі, але сяды-тады зазірае на пляцоўку і сам гаспадар — Уладзімір Пефціеў.

Уезд на ўчастак — праз шлагбаўм, дом Пефціева адразу за ім.

Далей па вуліцы некалькі катэджаў, якія выглядаюць зусім сціпла ў цені канкурэнта. Дзясятак домікаў будаўнікоў сведчыць, што працы вядуцца не ў адну змену.
Маштабы, дзеля справядлівасці, даюць падставу засумнявацца: магчыма, на ўскрайку лесу ўзводзіцца ведамасны санаторый ці яшчэ адзін корпус будуе Нацыянальны банк — літаральна па суседстве месціцца навучальны цэнтр гэтай фінансавай установы.
Будаўнікі хоць і атрымалі інструкцыі не ўступаць у размовы з незнаёмымі людзьмі, але ілюзіі рассейваюць: «Ну так, гэта ён сабе будуе дом... Цяжка сказаць, колькі тут канкрэтна квадратных метраў, але нават не тысяча, мабыць, дзве тысячы як мінімум. Бо тут жа не толькі жылыя памяшканні, але і басейн, і ніжнія паверхі гаспадарчыя. Усё прадумана...»

На будоўлі задзейнічаныя некалькі брыгадаў, якім акрэслены канкрэтны фронт дзейнасці.

Значныя сілы кінутыя на мантаж абсталявання басейна. Ён схаваны за вялізнай шкляной сцяной, якую мяркуецца аздобіць вітражамі.
Чарнавыя працы на яшчэ не завершаным аб’екце спецыялісты ацэньваюць не меней як у 4 мільёны даляраў. Можна толькі здагадвацца, ва што выльецца канчатковы прадукт, бо яшчэ пустуе агароджаная тэрыторыя, на якой, мяркуючы па ўсім, таксама будуць узводзіцца спадарожныя аб’екты.
Пакуль там па-сіроцку стаіць пабудова з драўлянага брусу, накрытая трыснягом, функцыянальна падобная да гасцявога дамка ці лазні.

Але наўрад ці вырашэнне жыллёвага пытання падарве дабрабыт Уладзіміра Пефціева. Ужо некалькі гадоў запар гэты набліжаны да ўлады 55-гадовы алігарх узначальвае рэйтынг 200 самых паспяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі, які складаецца інтэрнэт-парталам «Ежедневник».

Ягоныя актывы і асабістыя зберажэнні ацэньваюцца ў 1 мільярд даляраў.

Пасля леташняга арышту яшчэ аднаго прадстаўніка V.I.P.-спісу — банкіра Віктара Шаўцова — з'явіліся чуткі, што Уладзімір Пефціеў не стаў чакаць разьвіцця падзеяў і з'ехаў у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, дзе зарэгістраваная ягоная фірма «BelTechExport FZE». Аднак пасля гэтага Пефціеў не раз з'яўляўся на публічных мерапрыемствах, а рашэнне займець маёмасць, адпаведную статусу, сведчыць, што ад’езд з Беларусі ў ягоныя бліжэйшыя пляны не ўваходзіць. Гаворыць адзін са складальнікаў рэйтынгу Вадзім Сяховіч:

«Безумоўна, калі дом будуе, то, напэўна, нейкі камфортны куток сабе шукае. Праўда, гэтых куткоў у яго, наколькі можна меркаваць па прэсе, досыць шмат, і яшчэ не факт, што ён тут будзе жыць. Бо шмат ёсць такіх прыкладаў, калі чалавек мае ў Беларусі нерухомасць, але не жыве тут. Гэта тычыцца не толькі бізнэсоўцаў, але і іншых катэгорый — тыя ж масквічы сабе ў вялікай колькасці купляюць у Мінску нерухомасць. У любым выпадку нерухомасць і ў Мінску, і пад Мінскам пастаянна расце ў цане, і гэта таксама нейкае інвеставанне капіталу.

А Пефціеў — гэта той чалавек, які ўмее інвеставаць капітал».

Заходнія СМІ наўпрост называюць Пефціева «кашальком Лукашэнкі». У чэрвені мінулага года ён першы з беларускіх бізнэсоўцаў трапіў пад еўрапейскія санкцыі: уезд у ЕС яму забаранілі, а актывы трох падкантрольных яму кампаній — «Бэлтэхкэспарт», «БТ Тэлекамунікацыі» і «Спорт Пары» — замарозілі. У «чорным спісе» Пефціеў фігуруе як «галоўны эканамічны дарадца Лукашэнкі» і «ключавы спонсар рэжыму». Літаральна праз некалькі дзён пасьля ўнясення Пефціева ў «чорны спіс» Лукашэнка заявіў, што ініцыятары падобнага рашэння — «нягоднікі і падонкі».

Па ацэнках аналітыкаў, асноўны капітал Уладзімір Пефціеў атрымаў дзякуючы збройным кантрактам. Ягоная кампанія «Белтэхэкспарт» — манапольны аператар у знешніх пастаўках ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, інвестыцыйны агент ураду Беларусі ў галіне ваенна-прамысловага комплексу. Філіі «Белтэхэкспарту» працуюць у Індыі і Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. З цягам часу Пефціеў істотна пашырыў межы свайго бізнэсу і цяпер курыруе шырокі дзелавы спектр.

    «БТ Тэлекамунікацыі». Раней — кампанія-кіраўнік актываў МЛС «Velcom», цяперашняя сфера дзейнасці — інавацыі, будаўніцтва, фінансавы лізінг.
    Акцыянер банкаўскіх устаноў — «Белзнешэканомбанка» і «Прыёрбанка».
    Актывы ў СП «Дзелавая сетка» (інтэрнет-правайдар).
    Гульнявы бізнэс: аператар латарэі «Спорт-пары».
    Вытворчасць лікёра-гарэлачных напояў: Малінаўшчызненскі спірта-гарэлачны завод «Аквадзіў».
    Інвестар у Аршанскі авіярамонтны завод.
    Партнёр кампаніі «Катар Петролеум» у будоўлі заводу комплексных угнаенняў у Катары.
    Інвестыцыйны агент па правядзенні хакейнага чэмпіянату свету-2014.
    Старшыня грамадскага аб’яднання «Беларуская тэнісная фэдэрацыя», сябра Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?