Сеткавыя мэдыі запярэсьцілі загалоўкамі кшталту "Беларусь гатовая вывесьці ААЭ ў Эўропу" ды "Лукашэнка адкрые Эўропу для арабскіх шэйхаў".

Штуршок ня надта глыбакадумным журналісцкім экзэрсісам дала фраза высокага госьця ў Абу-Дабі: маўляў, гатовыя зрабіць усё, каб Эміраты маглі актыўна прысутнічаць у Эўропе.

Аналітыкі лёгка згадаюць, што сьмелую прапанову забясьпечыць акно ў Стары Сьвет Менск рабіў і кітайскім, і вэнэсуэльскім таварышам.

Праўда, якім чынам, не расшыфроўвалася.

Галоўнае ж — ці вялікая патрэба ў такім пасярэдніцтве?

Брусэль і так ужо ня ведае як адбіцца, напрыклад, ад таннага ды сярдзітага шырспажыву з Паднябеснай. Зрэшты, як і беларускія чыноўнікі: айчынная лёгкая прамысловасьць хутка стане ляжачай...

Чавэсу Эўропа сто гадоў патрэбная. Ягонае чорнае золата нарасхват і на ўласным кантыненце. Стратэгічны прадукт сьцяўшы зубы мусяць купляць нават заклятыя ворагі янкі.

Ну а шэйхі даўно напампавалі Эўропу сваімі інвэстыцыямі.

Бо як маеш грошы, дык для ўсіх харошы. Без аніякага пасярэдніцтва.

Зрэшты, дакладней казаць пра вуліцу з двухбаковым рухам. Замежныя бізнэсоўцы, у сваю чаргу, аблюбавалі Эміраты за дзівосна спрыяльны, лагодны клімат. У сэнсе — для капіталаў. ААЭ выйшлі на першае месца ў арабскім сьвеце паводле аб'ёму наўпроставых замежных інвэстыцыяў.

Папялушкай на задворках гэтага сьвята жыцьця выглядае акурат наша сінявокая...

Дарэчы, вось вам прыклад таго, наколькі шэйхі пераборлівыя што да ўкладаньня грошай. Перш чым інвеставаць у індустрыю забаў у Крыме, узяліся вывучаць "гнуткасьць зямельнага заканадаўства" ды патрабаваць гарантыяў.

У выпадку зь Беларусьсю яны наўрад ці будуць меней абачлівыя.

Ва ўсякім разе, пералік падпісаных сёньня у Эміратах дакумэнтаў ня ўражвае. Руцінныя пагадненьні: аб паветраных зносінах, "усталяваньні пабрацімскіх сувязяў паміж сталіцамі"...

Так што найболей плённым візыт на Арабійскую паўвыспу можа аказацца для БТ. Сто пудоў экзатычнага піяру для пэнсіянэраў з глыбінкі!

P.S. Штрых да тэмы прысутнасьці ААЭ у Старым Сьвеце. Адзін толькі чых эмірацкіх банкіраў прымушае эўра падскокваць!

Нешта ня ўзгадваецца, каб біржы Эўропы гэтак чуйна рэагавалі на заявы сп. Пракаповіча :)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?