Насуперак напружаным адносінам Беларусі і Еўрасаюза літоўская сетка рознічнага гандлю Maxima рыхтуецца адкрыць першую краму ў нашай краіне. Дазвол Мінгарвыканкама ўжо атрыманы.

Першым стане супермаркет на скрыжаванні вуліц Багдановіча і Шырокай у Мінску.
Ён не будзе гіганцкай крамай — гандлёвая плошча складзе 1500 квадратных метраў, гэта ў некалькі разоў менш за «Карону» ці «Бігз». Але неўзабаве мусяць з’явіцца і іншыя крамы. Іх дакладныя адрасы ў Мінгарвыканкаме не ўдакладняюць.

Крамы Maxima уваходзяць у групу кампаній Vilniaus prekybа («Віленскі гандаль»), 60% акцый якой належаць найбагацейшаму літоўцу Нерыюсу Нумавічусу. Ягонае багацце, па розных ацэнках, даходзіць да $1 мільярда. Крамамі ахопленая ўся Балтыя, але патроху літоўцы заваёўваюць і іншыя рынкі. Некалькі гадоў таму яны купілі мясцовую сетку крамаў у Балгарыі, а сёлета ўвайшлі і польскі рынак.

Гіпермаркет «Акропаліс», у які штовыходныя прыязджаюць тысячы беларусаў, таксама маёмасць Нумавічуса.

У залежнасці ад памеру гандлёвага аб’екта літоўцы дадаюць да назвы крамы суфікс — Maxima-XL, -XXL і гэта далей. Аднак у нашай краіне ім давядзецца сутыкнуцца з неспадзяванкай. Рэч у тым, што

ў Гомелі ўжо існуе мясцовая крама Maxima.

Літоўскія бізнэсоўцы — ледзь не адзіныя прадстаўнікі Еўрасаюза, якія паспяхова працуюць на рынку рознічнага гандлю ў Беларусі. Самай багатай жанчынай-бізнэсоўцай у нашай краіне лічыцца Алма Яўнэцемене.

Яе кампанія «Стыма» валодае крамамі «Суседзі» і «Сцяжынка» (агулам каля 30 аб’ектаў), піцэрыямі «Піца Тэмпа» і рэстаранамі беларускай кухні «Васількі».
Апроч таго, літоўка кантралюе кампанію «Фрутімпарт», якая займаецца пастаўкамі садавіны і гародніны ў Беларусь.

Будаўнічыя крамы «Ома», раскіданыя ў Мінску, Гомелі, Бабруйску і Баранавічах, таксама належаць літоўцам. Іх уладальнікі — браты Аўгустынас і Артурас Ракаўскасы. Яны ўзначальваюць кампанію Senukai, у якой, апроч літоўскага, круціцца яшчэ і фінскі капітал.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?