Па яе словах, Эдуард «адчувае сябе нармальна, здаровы і не хварэў. Настрой бадзёры, хаця яму яшчэ доўга сядзець. І на датэрміновае вызваленне надзеі не мае.
Марына адзначыла, што сын па-ранейшаму не мае працы: калонія не разлічана на такую колькасць вязняў, а таму пастаянна працуе толькі адзін атрад. А Эдуард раз на месяц сячэ дровы на патрэбы калоніі.
Эдуард Лобаў быў затрыманы разам са Змітром Дашкевічам 18 снежня 2010. Асуджаны на чатыры гады за хуліганства: па версіі следства маладыя людзі пачалі бойку з мінакамі.
Сведчылі ж супраць Лобава пацярпелыя, якія ў свае прыкладна 30 гадоў нідзе ніколі (!) не працавалі. У судзе яны так і не паказаліся.
Праваабаронцы выказалі меркаванне, што двое «пацярпелых» — гэта так званыя «ціхушнікі», асобы, завербаныя для правакацый. У такі стан часта трапляюць дэкласаваныя элементы, залежныя ад алкаголю.
Палітвязню можна напісаць ліст:
225295, Брэсцкая вобл., г. Івацэвічы, «Воўчыя норы», а/с 20, ПК № 22.