Як паведаміла намеснік дырэктара сталічнага прадпрыемства па часовым утрыманні жывёл «Фаўна горада» Тамара Царыкоўская, будаўніцтва, якое пачалося ў ліпені 2010 года на вуліцы Гурскага, замарозілі ў лютым гэтага года з-за недахопу сродкаў.

Будаўніцтва ажыццяўляла ГА «Мінская жыллёва-камунальная гаспадарка» за кошт падаткаў, якімі абкладаюцца ўладальнікі сабак. Паводле рашэння Мінгарсавета, на будаўніцтва гасцініцы павінна накіроўвацца чвэрць збору падаткаў з уладальнікаў сабак, астатнія сродкі ідуць на ўтрыманне «Фаўны горада». (Да пачатку будаўніцтва гасцініцы частка падатковых збораў з уладальнікаў сабак ішла на будаўніцтва пляцовак для іх выгулу.)

Паводле слоў Царыкоўскай, падаткі плацяць усяго прыкладна 12 тысяч уладальнікаў сабак, у той час як, паводле ацэнкі «Фаўны горада», іх налічваецца больш за 100 тысяч.
Сума падатковага збору ў Мінску складае ад 0,4 да 1,5 базавай велічыні — ад 14 тыс. да 52 тыс. 200 рублёў. Чакаецца, што нават пасля павышэння базавай велічыні з 1 красавіка падатковы збор вырасце нязначна: паводле неафіцыйнай інфармацыі, Мінгарсавет рыхтуе рашэнне, у адпаведнасці з якім сума падатковага збору з уладальнікаў сабак з 1 красавіка будзе памнажацца на 0,5.

Прадстаўнік «Фаўны горада» не змагла сказаць, калі адновіцца будаўніцтва гасцініцы. Яна адзначыла, што яе ўзвядзенне планавалася пачаць яшчэ ў канцы 2007 года, але рэалізацыя праекта неаднаразова адкладвалася ў сувязі з неабходнасцю ўзгаднення некаторых пытанняў. У прыватнасці, супраць будаўніцтва выступалі некаторыя жыхары мікрараёна, якія выступалі праціўнікамі сабачага брэху па начах.

Як паведамлялася раней, гасцініца павінна быць пабудавана ў выглядзе аднапавярховага памяшкання, унутры якога размесцяцца вальеры: прыкладна 50 месцаў для сабак і 30 — для катоў. У будынку таксама будуць знаходзіцца адмывальня, цырульня, майстэрня па пашыве адзення для жывёл. Пры гасцініцы плануецца адкрыць магазін аксесуараў і корму для жывёл.

У сваю чаргу старшыня грамадскага аб’яднання абароны жывёл «Эгіда» Наталля Бялянава разумее абурэнне людзей, якія не жадаюць плаціць падаткі на сабак, бо за іх жа сродкі работнікіі «Фаўны горада» могуць адлавіць і ўсыпіць гадаванца, які выпадкова згубіўся. Паводле яе слоў, апошнім часам у горадзе адзначаны выпадкі знішчэння сабак, якія апынуліся на вуліцы без гаспадара, прадстаўнікамі «Фауны горада».

Што да будаўніцтва гасцініцы, то Бялянава назвала гэта «поўнасцю камерцыйным мерапрыемствам». «Ніхто не запытваў уладальнікаў сабак, ці хочуць яны гасцініцу або прытулак для бяздомных жывёл», — адзначыла кіраўнік аб’яднання.

Варта адзначыць, што шмат гадоў ГА «Эгіда» не можа атрымаць дазвол гарадскіх улад на будаўніцтва прытулку для бяздомных жывёл.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?