Бiтва на Нямiзе, якая адбылася 3 сакавiка 1067 г.— найбуйнейшая бiтва ў гiсторыi раннесярэднявечнай гiсторыi не толькi Полаччыны, але i ўсёй Беларусi, адна з найбуйнейшых бiтваў Старажытнай Русi.

Бiтва мела шырокi рэзананс на ўсходнеславянскiх землях. Аб ёй добра памяталi яшчэ ў ХII ст., з боллю i дакорам пiсаў аб ёй аўтар «Слова пра паход Iгаравы».

Аб рэальных прычынах (не зачэпках) сутыкнення полацкага князя Усяслава Брачыславiча (сёння больш вядомага з лёгкай рукi некаторых гiсторыкаў як Усяслава Чарадзея) можна толькi здагадвацца. Аднак вiдавочна, што ў значнай ступенi яно было вынiкам iмкнення Усяслава выйсцi з нявыгаднага для Полаччыны саюза з Яраславiчамi. Полацкая зямля мела дастаткова сродкаў i рэсурсаў, каб самастойна рашаць свае ўнутраныя задачы.

Знешнепалiтычныя iнтарэсы Полацкай зямлi не супадалi са знешнепалiтычнымi iнтарэсамi паўднёвай Русi. Апошняя вяла пастаянную барацьбу з качэўнiкамi i таму саюз з Яраславiчамi вымагаў ад Усялава Брачыславiча неапраўданых ахвяраў i выдаткаў як удзельнiка паходаў на качэўнiкаў. Разрыў саюзнiцкiх адносiнаў, вiдавочна, i паслужыў прычынай барацьбы Кiева, Чарнiгава i Пераяслаўля з Полацкам.

У полацкага князя былi рэальныя падставы, каб рашыцца выйсцi ў адкрыты бой i даць адпор шматлiкiм войскам Яраславiчам. Вiдавочна, ён быў упэўнены ў спачуваннi з боку жыхароў Полацкай зямлi, частка якiх, да таго ж, складаючы княжаскае апалчэнне, не было, у прыватнасцi, зацiкаўлена ва ўдзелах у ваенных кампанiях, не звязаных з iнтарэсамi зямлi. Аб гэтым сведчыць i мужная абарона горада Усяслава — Менска, якая папярэднiчала бiтве, а таксама вынiкi абароны. Жыхары Менска зачынiлiся ў горадзе, а калi горад быў захоплены — усё мужчынскае насельнiцтва было знiшчана, а жанчыны i дзецi ўзяты ў палон.

Дарэчы, гэта першая згадка Менска, якi ў 2007 г. адзначае свой 940‑ы юбiлей (адлiчваючы з года першай згадкi). Рэальныя вынiкi бiтвы былi трагiчныя для Полацкай зямлi — Усяслаў быў разбiты. Аднак вынiкi бiтвы варта разглядаць больш шырока. Да смерцi Усяслава (паводле летапiсаў — у 1101 г.) кiеўскiм князям так i не ўдалося ўцягнуць Полацкую зямлю ў маштабныя мерапрыемствы, якiя не закраналi яе iнтарэсаў. Да смерцi Усяслава Полацкага — аднаго з найбольш магутных, яскравых i неардынарных князёў Старажытнай Русi — Полацкая зямля захоўвала поўную самастойнасць.

Бiтва на Нямiзе, абарона Менска, асоба полацкага князя Усяслава Брачыславiча, дарэчы, заснавальнiка Менска, патрабуе ўвекавечання ў выглядзе помнiка.

Паводле: Аляксандр ГРУША, загадчык аддзела гiсторыi Беларусi сярэднiх вякоў i пачатку Новага часу Iнстытута гiсторыi НАН Беларусi, кандыдат гiстарычных навук, «Звязда»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0