Незадоўга да свае гібелі вайсковы аглядальнік «Коммерсанта» Іван Сафронаў рыхтаваў публікацыю пра мажлівыя новыя пастаўкі расейскай зброі на Блізкі Ўсход. Як пішуць калегі Сафронава, гаворка ішла пра продаж партыі зьнішчальнікаў Су‑30 у Сырыю і зэнітных ракетных комплексаў С‑300В у Іран. Да таго ж у абодвух выпадках, паводле ягонай інфармацыі, пастаўкі мусілі былі ісьці празь Беларусь, каб Захад не вінаваціў Маскву ва ўзбраеньні краінаў‑ізгояў.

З Абу‑Дабі, дзе на IDEX‑2007 зьбіраюцца першыя асобы прадпрыемстваў абаронна‑прамысловага комплексу, Іван Сафронаў тэлефанаваў у рэдакцыю і казаў, што атрымаў неабходныя пацьверджаньні. Ён абяцаў напісаць пра гэта артыкул па вяртаньні з камандзіроўкі.

Пра тое, што ён меў такую інфармацыю, Сафронаў казаў яшчэ перад ад’ездам у камандзіроўку ў ААЭ на міжнародную выставу ўзбраеньняў IDEX‑2007. Сафронаў вярнуўся ў Расею 24 лютага, але на працу ня выйшаў — узяў больнічны. Але 27 лютага ён выйшаў на прэсавую канфэрэнцыю галавы Фэдэральнае службы па вайскова‑тэхнічным супрацоўніцтве Міхаіла Дзьмітрыева, хоць неабходнасьці ў гэтым не было — на мерапрыемства з «Коммерсанта» пайшоў іншы карэспандэнт, і Іван Сафронаў пра гэта ведаў. Пасьля прэс‑канфэрэнцыі ён распавядаў калегам, што між іншым у яго зьявілася інфармацыя, што паміж Расеяй ды Сырыяй ужо падпісаныя іншыя кантракты — на пастаўку зэнітных ракетна‑гарматных комплексаў «Панцыр‑С1», зьнішчальнікаў Міг‑29 і апэратыўна‑тактычных ракет «Іскандэр‑Э».

Выданьне нагадвае, што на пачатку 2005 г. пасьля публікацыі пра мажлівую пастаўку «Іскандэраў» з Расеі ў Сырыю ўсчаўся вялізны скандал: ЗША ды Ізраіль выказалі заклапочанасьць тым, што Расея можа паставіць ударныя ракетныя сыстэмы, здольныя пацэліць у аб’екты практычна на ўсёй тэрытрыі Ізраілю, калі яны будуць разгорнутыя ў Сырыі. Пазьней падчас візыту ў Ізраіль Уладзімер Пуцін пацьвердзіў інфармацыю пра тое, што перамовы ішлі і «вайскоўцы былі гатовыя паставіць» «Іскандэры» ў Сырыю, але расейскі прэзыдэнт, зь ягоных словаў, асабіста «забараніў рэалізацыю гэтай угоды».

Аднак распавёўшы калегам пра сваю інфармацыю па «Іскандэрах», Іван Сафронаў сказаў, што пакуль пісаць пра гэта ня будзе, бо яго папярэдзілі: раскрытыя факты прывядуць да вялікага міжнароднага скандалу, а ФСБ абавязкова распачне крымінальную справу па факце разгалашэньня дзяржаўнай таямніцы і «давядзе яе да канца» (раней па факце разгалашэньня дзяржтаямніцы ў публікацыях Івана Сафронава неаднаразова распачыналіся справы, аднак ніякіх абвінавачаньняў яму ніколі не высоўвалі). Хто менавіта папярэджваў яго пра мажлівыя праблемы, Іван Сафронаў не ўдакладняў.

У той самы дзень Іван Сафронаў тэлефанаваў у рэдакцыю і папярэдзіў, што прадыктуе артыкул пра беларускую схему паставак зброі ў Сырыю ды Іран. Аднак у рэдакцыю гэты матэрыял так і не паступіў.

Нагадаем, па факце гібелі Івана Сафронава распачатая крымінальная справа паводле артыкула «давядзеньне да самагубства». Як патлумачылі ў пракуратуры, справу распачалі дзеля таго, каб мець праўныя асновы для пачатку сьледчых дзеяньняў: допытаў, вочных ставак, апазнаваньняў, выманьняў дакумэнтаў, у тым ліку атрыманьня доступу да дэталізацыі тэлефонных злучэньняў загіблага. Аднак гэта ня значыць, што сьледзтва прызнала за прычыну гібелі Івана Сафронава самагубства. «Цягам расьследаваньня справа можа быць перакваліфікаваная на іншы артыкул», — падкрэсьлілі ў пракуратуры.

Разам з тым журналісты «Коммерсанта» самі пачалі расьследаваньне абставінаў гібелі свайго калегі. Яны пачалі з аналізу дэталізацыі тэлефанаваньняў — часьцяком такім чынам сьледзтва раскрывае ці ня ўсе рэзанансныя злачынствы. Гэты аналіз паказаў адно: ні ў дзень сьмерці, ні напярэдадні ён не атрымліваў ніякіх тэлефанаваньняў ці паведамленьняў, каторыя маглі б справакаваць яго на самагубства.

Аднак гэта зусім ня значыць, што ў аглядальніка не было якіх‑кольвек сур’ёзных праблемаў, што маглі б прывесьці яго да пагібелі. Намесьнік галоўнага рэдактара «Коммерсанта» Ільля Булавінаў не выключае, што сьмерць Івана Сафронава магла быць гвалтоўнай і зьвязаная зь ягонай прафэсійнай дзейнасьцю: «Выключаць такой вэрсіі мы ня можам, хоць наўпроставых пацьвярджэньняў мы покуль ня маем». Рэдакцыі вядомая толькі вострая тэма, якую распрацоўваў апошнім часам Іван Сафронаў.

Паводле Newsru.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0