Зігмас Зінкявічус

Зігмас Зінкявічус

Акадэмік Зігмас Зінкявічус зьяўляецца самым аўтарытэтным з сучасных літоўскіх лінгвістаў, вядомых сваімі працамі па гісторыі літоўскае мовы. Часам падаецца, што ён належыць да ангажаваных дасьледчыкаў. Такія аўтары аддаюць перавагу апэраваньню «ідэальнымі формамі» і хацелі б ператварыць ВКЛ у закрыты клюб. Сам Зінкявічус старанна пазьбягаў праводзіць сувязь паміж Беларусьсю ХХ ст. і колішнім Вялікім Княствам, а тэрміну «старабеларуская мова» не ўжываў прынцыпова, замяняючы яго словазлучэньнем «канцылярская мова». І гэта пры тым, што лінгвістыка куды больш строгая навука, чым гісторыя, бо пакідае менш прасторы для маніпуляцый. Найбольш ярка ізаляцыянісцкая пазыцыя літоўскага мовазнаўца праявілася ў ранейшых працах па гісторыі Ўсходняе Літвы — Віленшчыны. І гэта зразумела, бо трэба было бараніцца ад славянскай экспансіі.

Таму новая кніжка З.Зінкявічуса, скіраваная на рэканструкцыю панарамы балта-славянскіх дачыненьняў пач. ІІ тыс., стала для мяне нечаканаю. Аўтар, пачаўшы з канстатацыі вядомых палажэньняў: хрысьціянства прыйшло ў Літву з двух бакоў — з Захаду і з Усходу, — робіць новы акцэнт: усходнехрысьціянская хваля «была выключна інтэнсіўнай і пакінула глыбокія сьляды ва ўсёй гісторыі літоўскага народу». Да Літвы яна дайшла значна раней, чым заходняя хваля хрысьціянства. Пра гэта сьведчыць найстаражытнейшы пласт царкоўнай тэрміналёгіі літоўскай мовы, які паходзіць з хрысьціянства ўсходняга абраду: Kalлdos — Каляды, Velykos — Вялікдзень, baюniиia — бажніца. (Хоць я б сказаў, што названыя прыклады належаць хутчэй да беларусізмаў, чым да ўсходнехрысьціянізмаў.) Да сяр. XV ст. ля пяцідзесяці літоўскіх князёў прынялі праваслаўе, частка зь іх сталі заснавальнікамі манастыроў. Хутчэй за ўсё, адзначае аўтар, і ініцыятары ўвядзеньня хрысьціянства заходняга абраду Ягайла і Вітаўт першапачаткова таксама былі пахрышчаны ў праваслаўе.

Апроч таго, усходняе хрысьціянства паспрыяла пашырэньню па ўсёй Літве вялікай колькасьці ўласных імёнаў. Фанэтычнымі і граматычнымі асаблівасьцямі імёны выразна адрозьніваюцца ад падобных імёнаў, што прыйшлі з Захаду, таму лёгка распазнаюцца. Зь цягам часу імёны, нададзеныя пры хрышчэньні, ператварыліся ў прозьвішчы. Вось адкуль літоўскія Пятравічусы (ад Пётры), Грыгарасы (ад Рыгора, у той час як існуе форма Грэгорас, што паходзіць ад лацінскага Gregorius)… Прыклады можна працягваць. Літоўскі лінгвіст мяркуе, што ўплыў хрысьціянства ўсходняга абраду стаў адчувацца адразу пасьля хрышчэньня Русі ў 988 г., а ў ХІ—ХІІ ст. усё больш і больш узмацняўся. Менавіта тады балты пазнаёміліся з многімі асабістымі імёнамі, што даваліся падчас хрышчэньня. Многія балцкія плямёны падпалі пад асыміляцыю, але ж іх астраўныя тэрыторыі дзе-нідзе ў Беларусі захоўваліся яшчэ досыць доўга. Адбываўся працяглы і складаны працэс замены спрадвечнай балцкай мовы на ўсходнеславянскую. І вырашальную тут ролю выканалі хрышчэньне ўсходніх славян, зьяўленьне славянскага пісьменства ды пашырэньне сярод іх бізантыйскай культуры. Зьнікнуўшы на многіх тэрыторыях, куды прыйшлі славяне, балцкія плямёны пакінулі глыбокі сьлед у матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў.

Разважаючы далей, аўтар фактычна стварае новую вэрсію ўзьнікненьня ВКЛ. З.Зінкявічус мяркуе, што насельніцтва былых балцкіх абшараў у ХІІІ—XIV ст. ужо размаўляла на ўсходнеславянскіх гаворках, працягваючы называць сябе ліцьвінамі. «Паводле паходжаньня яны былі ўласна літоўцамі, толькі размаўлялі на іншай мове ды перайшлі з паганства ў хрысьціянства ўсходняга абраду». Гэтае насельніцтва складала значную частку ўсіх жыхароў ВКЛ. Вось чаму «хуткае і значнае» пашырэньне ВКЛ не зьяўляецца нейкім «цудам». Умацаваньне дзяржавы было справаю перш за ўсё карэннага літоўскамоўнага насельніцтва, але важную ролю ў гэтым выканалі і славянамоўныя літоўцы. Асабліва гэта тычыла той часткі насельніцтва, зь якой надалей утварыліся беларусы. Іх продкі пастаянна баранілі сваю дзяржаву і ад Масквы, і ад Польшчы. «Яны пакутліва перажывалі яе [дзяржавы] гібель, яе вобразы яны пастаянна захоўваюць у сваёй гістарычнай памяці».

Аўтар кнігі не захацеў пазьбегнуць палемічнасьці стылю. Ён адзначае, што тыя беларусы, якія выразна ўсьведамляюць сваю нацыянальную ідэнтычнасьць, «заўжды з асаблівай павагай ставяцца да Літоўскай дзяржавы [г.зн. да ВКЛ], ганарацца ёй, называюць сябе ліцьвінамі». «Але гэтым нярэдка спэкулююць беларускія «ультрапатрыёты», што сканструявалі антыгістарычную гіпотэзу, паводле якой Літоўская дзяржава была створана ўсходнеславянскім народам, які па-беларуску называецца «ліцьвіны». Гэты народ, паводле іх заяў, быццам бы ня меў нічога агульнага зь літоўскім народам… Зьдзіўляе і лінгвістычнае невуцтва гэтых «гора-патрыётаў», асабліва прымітыўнасьць у тлумачэньні імі этымалёгіі паходжаньня назвы «Літва», імёнаў вялікіх князёў літоўскіх ды інш.». Тут маюцца на ўвазе найперш Мікола Ермаловіч і тыя яго пасьлядоўнікі, якія прапанавалі сапраўды экзатычныя вэрсіі перакладу гэтых імёнаў.

Затое тут узьнікае новая паралель — фактычна, не прызнаючы гэтага, Зігмас Зінкявічус шмат у чым салідарызуецца з канцэпцыяй Алеся Краўцэвіча, адным з галоўных тэзісаў якой зьяўляецца канстатацыя таго, што ВКЛ узьнікла ў балта-славянскай кантактнай зоне і з самага пачатку было біэтнічнаю балта-ўсходнеславянскаю дзяржаваю з дамінаваньнем усходнеславянскага элемэнту. Беларускі гісторык настойвае на выключна мірным характары адносінаў паміж балтамі і славянамі на тэрыторыі Беларусі. Кніжка А.Краўцэвіча «Стварэньне Вялікага Княства Літоўскага» багата разоў раскрытыкавана ў сучаснай Літве.

Асабіста для мяне ў зьнешне лягічнай канцэпцыі Алеся Краўцэвіча бракавала повязі паміж агульнымі палажэньнямі і фактамі палітычнай гісторыі ХІІІ ст. Дзяржава — гэта заўсёды арганізаваны мэханізм прымусу, і яна не ўзьнікае з таго, што паміж дзьвюма этнічнымі супольнасьцямі існуюць добрыя стасункі, заўжды павінны быць ініцыятары гвалту. Яны не абавязкова цывілізацыйна і культурна пераўзыходзяць кансалідаваныя празь іх супольнасьці, але мусяць быць добра арганізаваныя ў вайсковым сэнсе. На нашых абшарах такую функцыю выканалі балцкія правадыры. Вось гэты малюнак гісторыі ўзбагаціў колерамі Зігмас Зінкявічус, паказаўшы, што дасьледаваньне ўласных імёнаў дапамагае стварыць цэлую панараму падзей. І, значыць, час агульных канцэпцый яшчэ ня скончыўся.

Але разам з тым віленскі лінгвіст, як і ўвогуле частка літоўскіх інтэлектуалаў, таксама стаў прапагандыстам мадэрнісцкага бачаньня тысячагадовай гісторыі сваёй краіны. Ён піша: «Шлях літоўскага народу ў заходнеэўрапейскую культуру быў працяглым і зь вялікімі перапынкамі, але гэты шлях, урэшце, і прывёў Літву да ўступленьня ў Эўразьвяз». Вось дзе сьвята для Фрэнсіса Фукуямы зь ягоным «канцом гісторыі»! Усё, што рабілася Міндаўгам і Вітаўтам, закончылася за мурамі NATO і ЭЗ. Можна спыніцца, мэта дасягнутая. Ці ёсьць яшчэ лепшы шлях, каб уціхамірыць мяцежны балцкі дух?

Zinkevičius, Zigmas. Krikščionybės ištakos Lietuvoje: Rytų krikščionybė vardyno duomenimis. — Vilnius: Katalikų akademijos leidykla, 2005. — 112 š:, 7 il.

[Зінкявічус, Зігмас. Вытокі хрысьціянства ў Літве: Хрысьціянства ўсходняга абраду паводле зьвестак анамастыкі.]

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0