У сэрбскім горадзе Пажаравац пазьдзекваліся з магілы былога дыктатара Югаславіі Слабадана Мілошавіча. Былы апызыцыянэр і ягоны цёзка Міраслаў Мілошавіч увагнаў у магілу экс‑дыктатара драўляны кол.

Згодна са старадаўнімі балканскімі звычаямі так паступалі з магіламі вампіраў, каб злы дух больш ніколі не вярнуўся на зямлю.

Сацыялістычная партыя Сэрбіі ўжо асудзіла «акт вандалізму», заклікаўшы паліцыю пакараць злачынцу. Сам Міраслаў Мілошавіч цьвердзіць, што нанёс нязначныя пашкоджаньні магіле, разьлічыўшы месца, дзе знаходзіцца сэрца крывавага Слоба.

Слабадан Мілошавіч, што стаяў ля стырна Югаславіі і Сэрбіі з канца 1980‑х, памёр 11 сакавіка мінулага году падчас працэсу ў Гаазе па ваенных злачынствах у былой Югаславіі. Яго вінавацілі ва ўчыненьні ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавецтва за ўдзел у войнах у Харватыі, Босьніі і Косаве, а таксама генацыдзе ў Босьніі ў 1992 — 1995 гг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0