«Калі за сцяг і за веру канае ў турме патрыёт Сяргей Каваленка, я не магу маўчаць. Смерць сцяганосца ляжа цяжкім грахом на кожнага з нас, хто не зрокся Радзімы, а значыць — і на мяне. Я на добрыя 20 год раней за Каваленку вывешваў бел-чырвона-белыя сцягі. Пасадзіце мяне замест Каваленкі», — кажа Аляксандр Яжэвіч з вёскі Заполле (Чэрвеньскі раён).

«Каваленка разумна робіць, што галадае, але рэсурс не бясконцы. Ягоная вага ў 50 кілаграмаў пры росце 182, -- лішняе сведчанне, што яму засталося нямнога. Я хачу, каб ён жыў. Такія людзі патрэбныя Беларусі, каб краіна захавала незалежнасць», — лічыць грамадзянін.
Алесь Яжэвіч ужо колькі часу не можа знайсці працы, бо паўсюль прынцыпова ўжывае беларускую мову. У мужчыны вышэйшая адукацыя, скончыў Лінгвістычны ўніверсітэт. Сяргея Каваленку ён называе сваім паслядоўнікам, бо сам Яжэвіч ў 1980-я вывешваў сцягі.
«У Валожыне вывесіў бел-чырвона-белы штандар над будынкам райвыканкама. У тагачаснага мэра горада ногі сталі падкашвацца, калі ён тое пабачыў. Гатовы расказаць пра ўсе іншыя выпадкі, калі мяне памяняюць месца з Сяргеем Каваленкам», — кажа А.Яжэвіч.
Сяргей Каваленка ад 8 лютага трымае бесперапынную галадоўку. Яго асудзілі на 2 гады і 1 месяц за парушэнне ўмоваў адбыцця «хатняй хіміі», якой яго пакаралі за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?