Менавіта тут, як сказаў у інтэрвію «Свабодзе» колішні начальнік «Валадаркі» Алег Алкаеў, можа знаходзіцца цяпер асуджаны на смерць Уладзіслаў Кавалёў. Камеры смяротнікаў знаходзяцца ў спецкалідоры ў сутарэннях старога будынка «Валадаркі».

Пра час смерці зняволеныя даведваюцца ў самы апошні момант — літаральна за некалькі хвілін да расстрэлу, калі камісія абвяшчае ім пра рашэнне прэзідэнта адносна іх прашэння аб памілаванні.
Чаканне гэтага часу «Ч» можа цягнуцца некалькі месяцаў, пакуль кіраўнік расстрэльнай групы не атрымае адпаведных дакументаў ад прэзідэнта.

Былы начальнік Валадаркі і кіраўнік расстрэльнай каманды Алег Алкаеў расказвае пра камеру смяротнікаў.

​«Звычайная камера, толькі з дадатковымі замкамі — там яшчэ два дадатковыя замкі, таксама дадатковае абсталяванне на вокнах, якое не дае наладжваць кантакт з іншымі камерамі.
І камеры гэтыя паводле інструкцыі не могуць адчыняцца адвольна. То бок паводле рашэння аднаго супрацоўніка. А толькі ў прысутнасці пэўнай групы пад кіраўніцтвам дзяжурнага. І яшчэ
смяротнікам не дазваляецца прагулка».

Паводле Алега Алкаева, «смяротнікі» маюць узмоцненую ахову.

Пасля прысуду на вязня апранаюць адмысловую робу, кайданкі з рук здымаюць толькі ў камеры.
Камеры для смяротнікаў маленькія, разлічаныя на два чалавекі. Хоць нярэдка вязень, які мае псіхалагічную несумяшчальнасць з іншым смяротнікам, просіцца ў адзіночку, і просьбу такую, як кажуць, задавальняюць.

Камеры смяротнікаў знаходзяцца ў старым корпусе «Валадаркі», у так званым спецкалідоры. У свой час у тым спецкалідоры перад накіраваннем у Глыбоцкую калонію апынуўся мінчук Зміцер Каляда. Сёння ў сваіх допісах на «Свабоду» ён актыўна дзеліцца ўспамінамі пра сваё турэмнае мінулае.

Парушальнікаў або тых, хто недаспадобы, пераводзілі на нейкі час са звычайных камер у спецкалідор, на ўчастак, дзе ўтрымліваліся смяротнікі і «пэзэшнікі».

​​«Я сутыкаўся з пажыццёвымі зняволенымі — іх яшчэ называюць „пэзэшнікамі“ — і са смяротнікамі ў 2002 годзе, калі сядзеў у СІЗА на „Валадарцы“, — піша Зміцер. — Тады адміністрацыя практыкавала наступнае: парушальнікаў або тых, хто не даспадобы, пераводзілі на нейкі час са звычайных камер у спецкалідор, на ўчастак, дзе ўтрымліваліся смяротнікі і „пэзэшнікі“. Гэта сутарэнне, там, памятаю, здаецца, 13 камер, з 5-й па 18-ю. Я быў у камерах 5, 6 і 9. Мяне кідалі ў спецкалідор двойчы. Адзін раз да прысуду, а другі раз пасля. Якраз калі ў спецкалідоры была галадоўка. Людзі галадавалі з-за так званых „наморднікаў“, тых шматлікіх сетак на вокнах, з-за якіх цяжка дыхаць, асабліва калі горача. Такія „наморднікі“ быццам бы не даюць наладжваць кантакт з іншымі камэрамі.

Калі мяне пераводзілі ў спэцкалідор, я якраз атрымаў харчовую перадачу ад бацькоў. Міліцыянты нічога проста так ня робяць. Мабыць, вырашылі, што, убачыўшы ежу, людзі спыняць галадоўку. Але я, калі падышоў да камеры, пакінуў сваю торбу за дзвярыма. А ў камеры далучыўся да астатніх».

Зміцер адзначае, што, седзячы ў тым калідоры, кожны чалавек пачынае ўсведамляць, наколькі тонкая мяжа паміж жыцьцём і смерцю. Таму ён ды іншыя сядзельцы ў ягонай камеры знаходзілі магчымасці, каб перадаваць смяротнікам і «пэзэшнікам» тытунь, гарбату, цукеркі. Калі не маглі перадаць праз свае каналы, дык прасілі дзяжурнага. Часам трапляліся чалавечныя турэмшчыкі — яны перадавалі.

«Мы чулі, калі каго зь іх выводзілі, — узгадвае Зьміцер. — Па начах, каб ніхто ня бачыў. Гэта мог быць апошні шлях чалавека. Такое практыкавалася па серадах. Адзін раз смяротнік перадаў нам ліст-споведзь, у якім апісаў сваё жыцьцё і паспрабаваў асэнсаваць яго. Самае жудаснае ў ім — усведамленне і пастаянныя думкі, што яго ў любую хвіліну ня будзе. Вось так я сутыкнуўся з гэтым бокам турэмнага жыцця».

Сына жыхаркі Гродна Ніны Бурдыкі Андрэя не стала мінулым летам. Пра тое, што яго расстралялі, жанчына даведалася далёка не адразу. Прынамсі праз месяц пасьля выкананьня прысуду, а можа нават і болей. Месца пахавання не ведае дагэтуль — не дазволена паводле закону.

«Ён заслужыў пакаранне, але ж трэба пахаваць па хрысціянскіх канонах, — кажа жанчына. — Ён увесь час баяўся, што яго закапаюць у чорным мяшку, без труны».

Смерці за забойства Андрэй Бурдыка таксама баяўся і пакутліва чакаў яе ў камеры ў спецкалідоры на Валадарцы. Андрэя трымалі ў адзіноце, бо ён папрасіўся, каб яго адсялілі ад суседа. Абодва вельмі лёгка раздражняліся.

На адным з апошніх спатканняў з маці распавёў, што разам з ім у камэры жывуць «суседзі» — павук, муха і камар, якія разбаўляюць яго адзіноту

Маці кажа, што да самога канца яе сын у глыбіні душы спадзяваўся, што яго прашэньне на імя прэзідэнта будзе задаволенае. Ён чакаў памілавання, бо, паводле маці, заступіўся за маленькага хлопчыка, калі падчас п’янкі ягоны прыяцель прыставіў нож да дзіцяці. Аднак прашэнне засталося не задаволеным, піша газета «Вячэрні Гродна».

У апошнія дні свайго ўтрымання ў камеры на Валадарцы Андрэй нібыта адчуў набліжэньне сьмерці і напісаў доўгі, на некалькі старонак ліст.

Пасьля расстрэлу Андрэя Ніне Бурдыцы выдалі ў СІЗА некаторыя сынавы рэчы: мачалку, мыла і швэдар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?