У нядзелю 18 сакавіка на заслаўсім рынку частка мясных павільёнаў не працавала.
Свежую свініну і ялавічыну ў Заслаўі можна купіць на рынку. Гарадскія крамы, як правіла, прадаюць расфасаваныя паўфабрыкаты.
У нядзелю на рынку некалькі мясных павільёнаў былі зачыненыя. На адным была абвестка, што гандлёвае месца здаецца ў арэнду, на другім, што ён зачынены з-за адсутнасці тавару.
У адзіным адчыненым павільёне, які дагэтуль гандляваў выключна свінінай і ялавічай, у нядзелю палова лядоўні была занятая курынымі тушкамі. Побач ляжалі свіныя вантробы, языкі і косткі. Прадавачка патлумачыла, што ўжо ўсё прадала. На пытанне, чаму так мала сёння мяса і чаму зачыненыя астатнія павільёны, адказала, што заўтра чакаецца падаражанне мяса. А таму мясакамбінаты далі зусім мала тавару, прытрымаўшы мяса да новай цаны.
Тым часам, у павільёнах, якія гандлююць курыным мясам і паўфабрыкатамі, праблем з таварам не назіраецца.