З нагоды Дня Волі 24 сакавіка Маскоўскае таварыства беларускай культуры імя Францішка Скарыны зладзіла сустрэчу з Андрэем Скурко, галоўным рэдактарам газеты «Наша Ніва». Таксама госцем імпрэзы быў Зміцер Вайцюшкевіч.

На сустрэчу, якая адбывалася ў Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы, прыйшло каля 50 чалавек. Былі студэнты, інтэлігенцыя, бізнэсоўцы — моладзь і людзі старэйшага веку. Гасцей літаральна засыпалі пытаннямі.

Маскоўскіх беларусаў цікавіла ўсё: ці гаворыць «дома» (гэта значыць, на Радзіме) моладзь па-беларуску? Як дае рады сваёй пасадзе Павал Латушка? Як ацэньваць хуткі прысуд Кавалёву і Канавалаву? Чаму сёлета ў Мінску дазволена святкаванне Дня Волі?..

Гаспадары сустрэчы праявілі надзвычайную абазнанасць у беларускіх справах. У адказ на пытанне А.Скурко колькі людзей з прысутных чытае незалежныя сайты ў інтэрнэце, рукі падняла ўся аўдыторыя.

Двухгадзінная дыскусія прайшла на выдатнай беларускай мове, актыўна падпявалі маскоўскія беларусы і Вайцюшкевічу.

На Дзень Волі 25 Сакавіка беларусы Масквы збіраюцца прыйсці з нацыянальнымі сцягамі да беларускага пасольства (вул. Марасейка, 17/6). Пачатак, а 13-й гадзіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?