Іншы сьвет 2: Эвалюцыя (Underworld: Evolution).

ЗША, 2006, каляровы, 106 хв.

Жанр: вампірычны баявік.

Адзнака: 4,5 (з 10).

Вампірыха-ды сыдэнтка (Кейт Бэкінсэйл) у кампаніі з палюбоўнікам-ваўкалакам змагаецца з псыхапатам-вампірам і разгадвае старажытныя таямніцы. Гледачы разгубленыя ад няўцямнага сюжэту. Але фільм — не гісторыя, а гульня з фэтышамі.

Арыстакратычная атмасфэра, ультрафіялетавае сьвятло, чорная кроў, аўтаматы з антывампірскімі кулямі ўскладняюцца ў другой частцы «Іншага сьвету» гелікоптэрамі, караблямі, старажытным палацам і падводным плаваньнем. Ваўкалак Майкл паўтарае подзьвігі Кінг Конга, а гераіня Сэліна адточвае каратысцкія навыкі.

Але галоўная фішка другое часткі — стала болей сэксу. Вампір-гісторык ладзіць оргіі ў кляштары, аголеныя бляндынкі й брунэткі зь ікламі дэманструюць схуднелыя формы; але галоўнае, Лен Ўайзман у палюбоўнай сцэне распрануў Кейт Бэкінсэйл.

Вампірская лялька ўжо не баіцца сьвятла, але гэта ня значыць, што героі «Іншага сьвету» стануць калісьці людзьмі. Зьляканая білетэрка скардзілася, што ў фільме зашмат крыві. Але ў глямурнай карціне няма ні кроплі жывой крыві.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?