Сістэмы ацяплення ў Мінску пераведзены ў рэжым прапальвання. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам начальнік аддзела энергетыкі Мінгарвыканкама Анатоль Лаўнічук.

Гэта звязана з тым, што тэмпература знадворнага паветра на працягу бліжэйшага часу будзе плюсавой, і толькі праз тыдзень чакаецца яе нязначнае зніжэнне.

У адміністрацыйных, прамысловых будынках у выхадныя дні прапанавана ацяпленне адключаць, у жыллёвым фондзе — разгледзець пытанне аб адключэнні цяпла ў месцах агульнага карыстання.

«Аднак тут трэба падыходзіць выбарачна, таму што на сценах пакояў, якія мяжуюць з месцамі агульнага карыстання, можа з’явіцца сырасць», — адзначыў Анатоль Лаўнічук.

У цэлым, паводле яго слоў, ацяпляльны сезон у сталіцы блізіцца да завяршэння, яго пік пройдзены. Цалкам ацяпленне будзе адключана тады, калі дадуць магчымасць умовы надвор’я. Рашэнне аб адключэнні цеплазабеспячэння дамоў прымаецца ў выпадку, калі сярэднясутачная тэмпература знадворнага паветра на працягу пяці дзён складае 8 градусаў цяпла, а для дзіцячых садоў і лячэбна-прафілактычных стацыянараў — 10 градусаў.

З 2013 года ў Беларусі адключэнне ацяплення ў жыллёвым фондзе, дзіцячых дашкольных установах, школах і бальніцах будзе ажыццяўляцца згодна з новымі ўмовамі. Вясной наступнага года падача цяпла ў жылых дамах будзе прыпыняцца, калі сярэднясутачная тэмпература знадворнага паветра на працягу трох дзён будзе трымацца на ўзроўні 8 градусаў вышэй за нуль, у дзіцячых садах і лячэбна-прафілактычных стацыянарах — 10 градусаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?